Новая ўспышка каранавірусу ў Індыі. За дзень выявілі амаль 350 тысяч новых выпадкаў

Пацыент у індыйскім шпіталі, 23 красавіка

У Індыі з 20 красавіка больш за мільён чалавек заразіліся каранавірусам. 24 красавіка ў краіне выявілі амаль 350 тысяч выпадкаў COVID-19. У пятніцу і суботу паміралі больш за дзьве з паловай тысячы чалавек штодня.

СМІ пішуць, што індыйскія шпіталі не даюць рады наплыву пацыентаў. Хворыя гадзінамі чакаюць прыёму лекара ў чарзе. Некаторыя паміраюць, не дачакаўшыся дапамогі. Пацыентаў выпісваюць недалечанымі, каб вызваліць месцы для цяжкіх хворых. Лекары паведамляюць пра недахоп кіслароду ў шпіталях.

Каранавірус выявілі і ў раёне Эвэрэсту — у аднаго з эўрапейскіх альпіністаў і мясцовага правадніка. Альпінісцкі сэзон, які нядаўна адкрылі пасьля гадавога перапынку, зноў можа аказацца пад пагрозай.

Ад пачатку пандэміі ў Індыі зафіксавалі амаль 17 мільёнаў выпадкаў заражэньня COVID-19. Памерлі больш за 192 тысячы пацыентаў. Па колькасьці інфікаваных краіна знаходзіцца на другім месцы ў сьвеце пасьля ЗША. Але колькасьць новых выпадкаў за мінулы дзень у Злучаных Штатах меншая, чым у Індыі, амаль у сем разоў.

У Беларусі афіцыйна паведамілі пра 10 сьмярцей і 1276 новых выпадкаў COVID-19 за содні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўстаньне мэдыкаў», сытуацыя ў цэнтры дзіцячай анкалёгіі, Дон Кіхоты ў белых халатах. Доктарка Пятроўская — ня толькі пра здароўе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 2020 год у Менску ад каранавірусу памерла больш людзей, чым афіцыйна па ўсёй Беларусі, — «Медиазона»