Каля рэстарацыі «Поедем поедим» затрымалі Зьмітра Дашкевіча і іншых абаронцаў Курапатаў

Зьміцер Дашкевіч, архіўнае фота

Паводле сьведак, каля рэстарацыі «Поедем поедим», якая працуе непадалёк ад народнага мэмарыялу ў Курапатах, сілавікі затрымалі некалькі чалавек. Актывістаў пасадзілі ў белы мікрааўтобус.

Як сказала Свабодзе Наста Дашкевіч, сярод затрыманых яе муж і былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч, грамадзкія актывісты Ганна Шапуцька і Кірыл Лойка, а таксама некалькі чалавек, якія штопятніцу выходзяць выказаць пратэст забаўляльнай установе каля месца сталінскіх расстрэлаў.

Тэлефон Зьмітра Дашкевіча недаступны, не адказваюць і іншыя ягоныя паплечнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба жыць свабодай, а ня зонай»: Як выжыць за кратамі і захаваць здароўе, раяць былыя зьняволеныя і праваабаронцы

На сваю вахту Зьміцер Дашкевіч заступаў кожную пятніцу, пачынаючы ад 2018 году.

Да таго ён выклаў у Facebook сэлфі з подпісам: «У Курапатах сонейка перамагло мокры сьнег, то, пэўне ж, і ў Беларусі праўда пераможа хлусьню».