Лідэры апазыцыйных партый запатрабавалі вызваліць старшыню БНФ Кастусёва
Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
Кіраўнікі некалькіх беларускіх апазыцыйных структур выступілі з сумеснай заявай.
Яны запатрабавалі ад уладаў вызваліць старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і спыніць яго крымінальны перасьлед:
«Мы перакананыя, што Рыгор Кастусёў ніколі не прымаў і ня мог браць удзелу ў змовах ці любых іншых дзеяньнях, накіраваных на захоп улады неканстытуцыйным чынам. Ціск на легальныя і афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя партыі зьяўляецца працягам ціску на ўсе незалежныя ад уладаў цэнтры, на грамадзянскую супольнасьць», — падкрэсьліваецца ў заяве.
У ёй адзначаецца, што Кастусёўяк кіраўнік партыі БНФ «заўсёды выступаў з заклікамі да дыялёгу і мірнага вырашэньня любых канфліктаў паміж прыхільнікамі розных палітычных поглядаў на падставе агульных інтарэсаў беларускага народу, неаднойчы заклікаў удзельнікаў палітычнага працэсу да стрыманасьці, падкрэсьліваючы недапушчальнасьць распальваньня варожасьці ў беларускім грамадзтве».
Аўтары заявы заклікаюць спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць усіх палітвязьняў.
Заяву падпісалі
старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») Ігар Барысаў,
старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў,
старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін,
старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук,
намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч,
старшыня грамадзкага абʼяднаньня «Рух „За свабоду“» Юрась Губарэвіч.