Да зьняволенага лідэра БНФ Кастусёва ў СІЗА КДБ не пусьцілі адваката

Рыгор Кастусёў

Прычынаў, па якіх сустрэча немагчымая, адвакату не назвалі.

Да зьняволенага старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога трымаюць у сьледчым ізалятары КДБ, не дапусьцілі адваката. Прычынаў не назвалі. Пра гэта паведаміў зяць палітыка Зьміцер Антончык. Ён кажа, што адвакату паабяцалі паведаміць, калі ён зможа сустрэцца з кліентам.

Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка. Позна ўвечары дачцэ палітыка паведамілі, што яго падазраюць па крымінальнай справе і што ён у Менску.

На наступны дзень затрымалі на некалькі гадзін і Зьмітра Антончыка. У ягонай прысутнасьці сілавікі правялі ператрус на лецішчы. З тлумачэньня супрацоўнікаў Зьміцер зразумеў, што Рыгора Кастусёва падазраюць у дзеяньнях, скіраваных на захоп улады. На лецішчы забралі кампутары, кнігі, носьбіты інфармацыі, страйкбольны аўтамат.

Пазьней у шклоўскай кватэры Кастусёва ягоныя дзеці знайшлі паперу з імёнамі, як яны мяркуюць, супрацоўнікаў, якія яго затрымлівалі. Прыкметаў ператрусу не было, усе ягоныя рэчы засталіся на сваіх месцах.

Цыдулка, імаверна, з імёнамі супрацоўнікаў, якія праводзілі ператрус у шклоўскай кватэры Кастусёва

13 красавіка Камітэт дзяржаўнай бясьпекі паведаміў пра затрыманьне Кастусёва «ў рамках расьсьледаваньня распачатай крымінальнай справы паводле артыкула 108 КПК Рэспублікі Беларусь па непасрэдным падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства». У паведамленьні гаварылася і пра зьняволеньне літаратара і палітоляга Аляксандра Фядуты. Той зьнік у Маскве.

13 красавіка Свабодзе стала вядома пра затрыманьне ў Маскве і юрыста Юрася Зянковіча, які мае грамадзянствы Беларусі і ЗША. Паводле ягонай жонкі, ён цяпер у Беларусі ў СІЗА КДБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У КДБ заявілі, што затрымалі палітоляга Фядуту, які зьнік у Маскве. Разам зь лідэрам БНФ Кастусёвым
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы ў Маскве юрыст Зянковіч пісаў пра стварэньне дружынаў народнай самаабароны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці скончылася беларуская рэвалюцыя? Гутарка ў Клюбе Свабоды