Пажар пачаўся ў панядзелак у раёне 12 гадзінаў дня, яму прысвоілі пяты — найвышэйшы — узровень складанасьці. А восьмай гадзіне вечара агонь так і не змаглі пагасіць. Агенцтва «Інтэрфакс» паведамляе, што ён перакінуўся на суседні будынак, у якім знаходзіцца гостэл. Яго пастаяльцаў эвакуавалі.
Ліквідацыяй пажару займаюцца больш за 220 ратавальнікаў. Адзін зь іх загінуў, паводле папярэдніх дадзеных — пры абрушэньні даху, яшчэ двое шпіталізаваныя. СМІ паведамляюць аб другім загінулым пажарным, але афіцыйна гэтая інфармацыя не пацьверджаная. Агульная плошча пажару складае звыш 10 тысяч квадратных мэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка палітоляга Фядуты паведаміла, што зь ім зьнікла сувязь у МасквеСьледчы камітэт па Санкт-Пецярбургу ўжо распачаў крымінальныя справы пра нядбайнасьць і прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці.
Будынак Неўскай мануфактуры быў пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя. Да рэвалюцыі 1917 году ў ім знаходзілася «таварыства ваўняных вырабаў» ангельскага купца Джэймса Нортана. У савецкі час пасьля нацыяналізацыі фабрыка атрымала назву «Камбінат тонкіх і тэхнічных сукнаў імя Тэльмана», а пасьля распаду СССР і акцыянаваньня — ААТ «Неўская мануфактура». У апошнія гады памяшканьні фабрыкі здаваліся пад офісы і склады. У адным зь іх, паводле папярэдніх зьвестак, і пачаўся пажар.
Будынак, які згарэў, быў прызнаны ўладамі Пецярбургу аб’ектам гістарычнай спадчыны.