У Віцебску на 87-м годзе жыцьця памёр паэт і перакладчык Уладзімер Папковіч

Уладзімер Папковіч На сустрэчы з чытачамі ў арт-пабе «Торвальд» (архіўнае фота)

Уладзімер Папковіч не ўступаў у праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі і з 1981 году заставаўся сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, выселенага ўладамі ў 2006 годзе з Дому літаратара ў Менску.

10 красавіка на 87-м годзе жыцьця памёр Уладзімер Папковіч. Настаўнік, паэт, перакладчык — доўгія дзесяцігоддзі ён заставаўся адным з цэнтраў прыцягненьня культурнага асяродзьдзя Віцебшчыны, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Творы Папковіча ўпершыню зьявіліся ў друку ў 1962 годзе. Першы зборнік вершаў — «На досьвітку» — выйшаў у 1978 годзе. Ён аўтар больш як дзесяці кніг паэзіі, шматлікіх перакладаў вершаў і прозы зь нямецкай мовы на беларускую. Пераклаў на нямецкую мову паэму «Тарас на Парнасе», вершы Давіда Сімановіча.

Уладзімер Папковіч

Паэт нарадзіўся 25 сакавіка 1935 года ў вёсцы Дварэц Вілейскага павета Віленскага ваяводзтва. Скончыў факультэт нямецкай мовы Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту замежных моў, працаваў выкладчыкам нямецкай мовы, інжынэрам-перакладчыкам.

З 1966 года жыў у Віцебску. Працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў СШ № 20, Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме. Ад 1982 году — старэйшы выкладчык, у 1998-2005 гадах — загадчык катэдры Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Машэрава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чытач Папковіч: У мяне дзяцінства не было — дзіцячыя кніжкі я чытаў ужо са сваімі дзецьмі

Уладзімер Папковіч быў ляўрэатам прэміі «Сузор’е муз» імя Ўладзіміра Караткевіча.

Разьвітаньне з Уладзімерам Папковічам адбудзецца ў панядзелак, 12 красавіка, у рытуальнай залі «Свеча» па вуліцы Петруся Броўкі, 50/4 з 18:00 да 20:00.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожны дзень верш у Фэйсбуку. Як 83-гадовы паэт знайшоў чытачоў онлайн