Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Папковіч: У мяне дзяцінства не было — дзіцячыя кніжкі я чытаў ужо са сваімі дзецьмі


Уладзімер Папковіч

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае паэт і перакладчык Уладзімер Папковіч.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Цяпер мяне захапіла кніга Вінцука Вячоркі «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі», падораная мне аўтарам з аўтографам.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Navid Kermani, «Wer ist Wir? Deutschland und seine Muslime» (Friedenspreis des Deutschen Buchhandels 2015) — Навід Кэрмані, «Хто такія — Мы? Нямеччына і яе мусульмане» (Прэмія міру Нямецкага кнігагандлю 2015).

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Усё ўплывае — і стаўленьне да аўтара, веданьне яго творчасьці, і водгукі, але найперш я павінен узяць кнігу ў рукі, пагартаць яе, прачытаць некалькі абзацаў. Раней я так купляў кнігі, цяпер вырашаю — чытаць ці не чытаць?

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Я заўсёды цікавіўся тэмай «Творца (геній) і вар’яцтва». Шмат прачытаў і нават пераклаў тое-сёе на гэту тэму. П’янства, наркотыкі, шызафрэнія, самазабойствы здараліся ў творцаў, магчыма, і не часьцей, чым у «простых» людзей, але пра іх гаварылі (пісалі) больш.
Я прачытаў, да прыкладу, у некалькіх крыніцах, у Ё. В. Гётэ быў свой «бзык»-комплекс: ён баяўся апагею ў адносінах мужчыны і жанчыны — інтымнай блізкасьці. У апошні, рашучы момант, ён проста ўцякаў. Але сустрэўшы нарэшце дзяўчыну з народу, з якой пазнаёміўся выпадкова, ён пачаў жыць з ёй спачатку таемна, а потым і ажаніўся з гэнай Крысьціянай Вульпіюс, і яны мелі сына. Гётэ перажыў сваю жонку.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Ня ведаю, ці можна гэта называць клясыкай: В. Ф. Ходасевич, «Державин». Гэта не раман, а дасьледаваньне, але што я ведаў пра Г. Р. Дзяржавіна, акрамя таго, што «старик Державин нас заметил и, в гроб сходя, бгагословил»?

Максіма Гарэцкага чытаў з цяжкасьцю.

Ня так даўно прачытаў раманы Франсуа Марыяка «Матерь», «Пустыня любви», «Тереза Дескейру», «Клубок змей».

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Больш за ўсіх любіў і люблю Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава. (Пра Давіда Сімановіча — адмысловая размова). Перачытваю Максіма Танка, Пімена Панчанку, Міхася Стральцова, Васіля Зуёнка, Віктара Казько («Дзікае паляваньне ліхалецьця»), маладзейшых. З задавальненьнем чытаю вершы Веры Буланды з кнігі, якую нядаўна атрымаў ад яе ў падарунак:

Дагараць цыганскія кастры,
Датанцуюць танец, і ў зьнямозе
Я засну пад раніцу. Сябры,
Выбачайце, я ў сваёй дарозе…

Цудоўны пачатак, ды мне згадаўся яшчэ адзін мой сябра, цыганскі паэт

Вальдэмар Калінін.

Алеся Разанава, Леаніда Галубовіча, Уладзімера Арлова, Леаніда Дранько-Майсюка, Людмілу Хейдараву (больш у фэйсбуку) і журналістаў Алену Сьцяпанаву, Тацьцяну і Ігара Мацьвеевых (нашых, віцебскіх), Аляксандра Тамковіча, Сяргея Законьнікава…

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Я сьмяюся найбольш са сваіх «дурнот» (двух- і чатырохрадкоўяў), з сапраўдных недарэчнасьцяў у фэйсбуку, сьмешных гумарыстаў для мяне малавата. Кажуць пра нас з мастаком Феліксам Гуменам: як паасобку — нармальныя людзі, як ідуць разам, увесь час з чагосьці рагочуць. Ненармальныя.

Раней сьмяяўся, чытаючы Ільфа і Пятрова, М. Зошчанку…

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Не. Ня памятаю. Перад экранам часта нечакана выкочваецца сьляза.

Кожны дзень верш у Фэйсбуку

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Мяне аднойчы расчаравала (можа, мяне падвёў мой густ) чытацкая публіка, якая ў адзін голас хваліла, была ў захапленьні, што мне здалося пошлым, банальным. З часам я зразумеў, што я жыву ў іншым часе, зь іншымі прыхільнасьцямі, а густы заўсёды былі рознымі, наконт якіх прыстойныя людзі не спрачаюцца. Сяброўства, тусовачнасьць заўсёды былі, а цяпер яшчэ «сеткі».

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Чытаю ў асноўным паэзію. Я ўжо пісаў, што папяровую «прадукцыю» фізычна не магу ў апошні час адольваць.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Раней чытаў па некалькі кніг — для душы і для працы. У асноўным вечарам, а ноччу яшчэ і пісаў. Раніцай каля ложка заўсёды была кніжка — для зарадкі. Няма таго…

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Часьцей за ўсё інтуітыўна. Час ад часу спрабую навесьці парадак — не атрымліваецца. Шмат з аўтографамі, шмат на нямецкай мове, шмат перакладзеных (ня мной). Паліца маіх кніг і перакладаў.

Паліца з кнігамі ў кватэры Ўладзімера Папковіча
Паліца з кнігамі ў кватэры Ўладзімера Папковіча

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Я заўсёды купляў, што заставалася. У мяне няма калекцыі. Падпіскі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Івана Мележа аддаў у бібліятэку. Здаў тое-сёе ў букіністычныя аддзелы, але тыя кніжкі, якія лічыў вартымі, ніхто не купляе. Даўно нават не заходзіў у кнігарню, каб праверыць, што прадалі.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Ад нямецка-беларускага таварыства «Калі ласка-Вількомэн» я атрымаў анталёгію нямецкай паэзіі ў дзесяці тамах з камэнтарамі. Калі выкладаў нямецкую літаратуру, вельмі згадзілася. Я кніжкі ўвогуле люблю, яны, калі стаяць на маіх паліцах, частка майго жыцьця і нават лёсу.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Алёша Карамазаў ды героі твораў Васіля Быкава… Вернасьць праўдзе і самаахвярнасьць заўсёды захаплялі мяне, па сутнасьці, слабага чалавека.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

У мяне дзяцінства не было. Адна вайна (1939 г.) зьмянілася Вялікай, а потым дзіцячых кніжак не было. Я ў асноўным самавук. Дзіцячыя кніжкі чытаў потым са сваімі дзецьмі.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Прымушаць чытаць нікога нельга. Каб была магчымасьць папрасіць, то я ветліва прапанаваў бы: «Прачытайце, калі ласка, маю апошнюю кніжку выбраных вершаў «Зазімак». Яна павінна Вам спадабацца…

Паэты Кастусь Севярынец і Ўладзімер Папковіч
Паэты Кастусь Севярынец і Ўладзімер Папковіч

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Мне б было прыемна, каб хтосьці сам прыйшоў.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Ніякі біёграф ня можа ўлезьці мне ў душу. З біёграфаў, якіх я чытаў, спадабаўся Штэфан Цвайг (Stefan Zweig), вельмі тонкі псыхоляг. Сам закончыў жыцьцё самагубствам.

Што вы перачытваеце?

Паэзію. выцягну кніжачку, якая пад руку трапіць, і чытаю. Найбольш Рыгора Барадуліна, захапляюся яго віртуозным валоданьнем словам.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Поўныя паліцы непрачытаных кніг — на трох мовах. Баюся за лёс маёй мовы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG