Дзярждэпартамэнт ЗША: Расея панясе адказнасьць за свае дзеяньні

Нэд Прайс

Злучаныя Штаты запатрабавалі ад расейскіх уладаў зрабіць усё, каб гарантаваць бясьпеку Аляксею Навальнаму.

Злучаныя Штаты ясна далі зразумець, што Расея будзе прыцягвацца да адказнасьці кожны раз, калі ўлады гэтай краіны ажыцьцяўляюць варожыя дзеяньні, заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс. Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».

Адказваючы на пытаньне журналіста падчас прэс-брыфінгу, Прайс сказаў, што арышт і заключэньне ў турму апазыцыянэра Аляксея Навальнага было зьвязана ў першую чаргу з тым, што палітык займаўся выкрыцьцём дзейнасьці «карумпаванага рэжыму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксей Навальны абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем дапусьціць да яго лекара

«Вядома, мы занепакоеныя паведамленьнямі аб тым, што здароўе Навальнага пагаршаецца і што ён абвясьціў галадоўку, запатрабаваўшы аказаньня вонкавай мэдычнай дапамогі. Мы заклікаем улады прыняць усе неабходныя меры для гарантаваньня яго бясьпекі і здароўя. Мы таксама паўтараем наш заклік да яго неадкладнага вызваленьня і да спыненьня перасьледу яго прыхільнікаў», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.

Прайс ня стаў удакладняць, што менавіта плянуе распачаць адміністрацыя Джо Байдэна для таго, каб супрацьстаяць Расеі, адзначыўшы, што «калі Масква працягне ісьці гэтым шляхам, то, як мы ясна далі зразумець, мы будзем патрабаваць, каб Масква панесла за гэта адказнасьць» .

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод затрыманых у Расеі ля калёніі, дзе сядзіць Навальны,— карэспандэнт «Белсату»

Прайс нагадаў, што гаворка ідзе пра ўдзел Расеі ў хакерскай атацы на SolarWinds, умяшаньні ў амэрыканскія выбары, замаху на забойства, арышце і турэмным зьняволеньні Навальнага, а таксама аб магчымай узнагародзе, якая прапаноўвалася расейцамі талібам за забойства амэрыканскіх салдат у Аўганістане.

«Мы сапраўды маем намер патрабаваць, каб Расея панесла адказнасьць за гэтыя дзеяньні», — заявіў Прайс, дадаўшы, што ЗША хацелі б наладзіць «стабільныя і прадказальныя адносіны» з Расеяй. Аднак «менавіта расейскі ўрад і Крэмль дагэтуль уносіць нестабільнасьць у нашы адносіны», падкрэсьліў Нэд Прайс.