Да старшыні АГП Казлова, якога ня вызвалілі  пасьля 15 дзён арышту, не пусьцілі адваката

Старшыня АГП Мікалай Казлоў. Архіўнае фота.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў 6 красавіка меў выйсьці на волю пасьля 15 сутак у турме на Акрэсьціна.

Як паведаміла прэсавая служба АГП, Мікалай Казлоў па стане на раніцу 7 красавіка застаецца ў ЦІПе на Акрэсьціна. Адваката да яго не пусьцілі. У партыі не разумеюць, што адбываецца зь іх лідэрам.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў меўся выйсьці 6 красавіка ў 18:30 з ізалятара на Акрэсьціна, дзе ён адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Але сябры па партыі яго не дачакаліся. Праз паўгадзіны пасьля меркаванага часу вызваленьня супрацоўнік ізалятара паведаміў, што «сёньня Казлоў ня выйдзе».

«Прычыны нам не патлумачылі», — паведаміў Свабодзе актывіст АГП Дзяніс Красачка. На ягоную думку, Мікалая Казлова могуць трымаць пад вартай яшчэ пэўны час, які яму не залічылі, бо пасьля затрыманьня лідэр АГП трапіў у шпіталь.

«У іх на яго можа быць падрыхтавана яшчэ некалькі пратаколаў за непадпарадкаваньне, а яшчэ пагражалі і крымінальнай справай. Будзем высьвятляць, што атрымаў», — сказаў Дзяніс Красачка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня АГП Мікалай Казлоў ня выйшаў на волю пасьля 15 сутак на Акрэсьціна

Мікалая Казлова асудзілі на 15 сутак арышту за «непадпарадкаваньне»


Лідэр АГП Мікалай Казлоў адмаўляецца даваць падпіску аб невыдаваньні ў крымінальнай справе аб дзейнасьці Каардынацыйнай рады, сябрам якой зьяўляецца. За гэта палітыка ўжо двойчы каралі арыштамі па 15 сутак. Апошні раз Казлова затрымалі 23 сакавіка каля дому.

У ізалятары Мікалаю стала блага, яму выклікалі хуткую дапамогу і адвезьлі ў шпіталь. 25 сакавіка суд, які праходзіў дыстанцыйна, пакараў палітыка чарговым арыштам на 15 сутак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніку АГП Мікалаю Казлову стала кепска падчас суду пасьля ночы на Акрэсьціна. Ён у шпіталі МУС