Абласны суд пакінуў у сіле вырак палітвязьню Няронскаму, яго этапуюць у калёнію. А пракурор пайшоў на падвышэнне

Уладзімер Няронскі на сустрэчы з падпісантамі каналу «Страна для жизни», архіўнае фота

6 красавіка Менскі абласны суд разгледзеў апэляцыйную скаргу на прысуд аўтару YouTube-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага. У пачатку лютага суд Лагойскага раёну асудзіў яго паводле арт. 369 і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Гэта быў першы вырак у так званай «справе Ціханоўскага», піша «Вясна». Судзьдзя Аляксандар Рыбакоў прызнаў Уладзімера Няронскага вінаватым у закліках да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Паводле абвінавачваньня, рабіў ён гэта ў змове з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і палітыкам Міколам Статкевічам. Таксама яго прызналі вінаватым у публічнай абразе на сваім YouTube-канале старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага. Падсудны прызнаў віну толькі паводле арт. 369 КК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера-палітвязьня Ўладзімера Няронскага пакаралі трыма гадамі зьняволеньня. Фота, відэа

Апэляцыйную скаргу Ўладзімера Няронскага разглядала судовая калегія Менскага абласнога суду. Асуджаны ў працэсе ня ўдзельнічаў, хоць адпаведнае хадайніцтва было заяўлена. Яго інтарэсы прадстаўляў адвакат Антон Гашынскі.

Абаронца прасіў адмяніць рашэньне суду Лагойскага раёну і накіраваць справу на новы разгляд. Як адзначыў Антон Гашынскі, відэаролікі на канале «Слуцк для жизни» зьявіліся задоўга да пратэставых акцый, таму абвінавачаньне неабгрунтаванае ў дастатковай форме. Блогерства было самастойнай дзейнасьцю і ніхто, уключна зь Ціханоўскім ці Статкевічам, ім не кіраваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт абяцаў завяршыць справу Ціханоўскага да канца сакавіка. Сьледзтва цягнецца ўжо 9 месяцаў

Аднак калегія пакінула скаргу без задавальненьня, а прысуд — бяз зьменаў. Гэта значыць, што цягам найбліжэйшага часу Ўладзімер Няронскі будзе этапаваны са сьледчага ізалятару Жодзіна ў калёнію.

Пакараньне тэрмінам на 3 гады пазбаўленьня волі папрасіў для блогера дзяржаўны абвінаваўца Аляксандар Ляўковіч. Суд яго падтрымаў. 1 сакавіка з намесьніка пракурора Лагойскага раёну яго падвысілі да пракурора Валожына.