У Беларусі зьмяняюцца межы трох усходніх абласьцей

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 136 «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласьцей»

Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэсавую службу Лукашэнкі.

Дакумэнт удакладняе межы абласьцей і раёнаў, вызначаныя ў 1950-я гады на аснове картаграфічнага матэрыялу, які тады быў у наяўнасьці.

«Зь цягам часу праз мэліярацыйныя і іншыя работы, будаўніцтва аб’ектаў транспартнай інфраструктуры межы перасталі супадаць зь цьвёрдымі контурамі мясцовасьці: рэкамі, мэліярацыйнымі каналамі, дарожнай сеткай, ляснымі масівамі, прасекамі і іншымі», — растлумачылі ў прэсавай службе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як праваабаронцы «Вясны» ратуюць беларусаў. ВІДЭА

У адпаведнасьці з указам новыя межы Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласьцей і іх раёнаў будуць устаноўленыя з 1 ліпеня 2021 году.

Да 1 сьнежня 2021 году адпаведныя зьмены таксама ўнясуць у адзіны дзяржаўны рэгістар нерухомай маёмасьці, правоў на яе і ўгодаў зь ёю і ў рэестар адрасоў Рэспублікі Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія мовазнаўцы вырашылі не мяняць назву Беларусі

Грамадзяне, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы будуць вызваленыя ад платы за ўнясеньне зьменаў у дакумэнты, якія ўтрымліваюць зьвесткі аб адрасе.

У сакавіку 2019 году аналягічным указам былі зьмененыя межы Берасьцейскай, Горадзенскай і Менскай абласьцей і іх раёнаў.