На паверхню Марса спусьцілі міні-верталёт Ingenuity

Міні-верталёт Ingenuity

Марсаход NASA Perseverance даставіў міні-верталёт Ingenuity («Вынаходлівасьць») на паверхню Чырвонай плянэты ў рамках падрыхтоўкі да яго першага палёту, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на амэрыканскае касьмічнае агенцтва.

Ультралёгкі лятальны апарат быў замацаваны пад дном марсаходу Perseverance («Настойлівасьць»), які зрабіў пасадку на Марс 18 лютага.

Фатаграфія ў Твітэры паказвае, што марсаход ад’ехаў ад верталёта і ягонага «аэрадрому» пасьля выгрузкі апарата на паверхню.

Раней верталёт сілкаваўся ад энэргасыстэмы марсаходу, але цяпер яму трэба спадзявацца на ўласны акумулятар для працы абагравальніка, неабходнага для абароны электрычных кампанэнтаў ад замярзаньня і трэшчын падчас халодных марсіянскіх начэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NASA апублікавала відэа пасадкі марсахода