Распрацоўнікі «Голасу» заявілі, што ўзлому плятформы не было

Плятформа «Голас»

На іх думку, гэта чарговая спроба дыскрэдытацыі «Голасу». Насамрэч ніхто базу дадзеных на продаж не выстаўляў, яна надзейна абаронена, а нумары зашыфраваныя.

Распрацоўнікі плятформы «Голас», якую неафіцыйна задзейнічалі для падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах-2020 і галасоў за перамовы аб перадачы ўлады ў Беларусі, абверглі інфармацыю аб узломе, якая напярэдадні зьявілася ў інтэрнэце.

Раней тэлеграм-канал «Утечки информации» паведаміў: «На продаж выстаўлена база дадзеных Telegram-бота golosby_bot (і Viber-бота golos-by), які належыць беларускаму праекту «Голас».

«Цытата з апісаньня боту: „Плятформа даказала масавыя фальсыфікацыі на выбарах прэзыдэнта, палічыўшы галасы мільёнаў беларусаў“. У SQL-дампе ўтрымліваюцца тэлефоны тых, хто рэгістраваўся ў боце. Усяго 768 418 радкоў».

Пры гэтым у допісе дадзенага тэлеграм-каналу побач з апісаньнем стаяць смайлы, што можа ўказваць на прыналежнасьць каналу сілам, якія выступаюць супраць плятформы «Голас».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусаў атакуюць фальшывымі паведамленьнямі ў Тэлеграм пра публікацыю іх зьвестак

У самім «Голасе» заявілі, што такія заявы — хлусьня. Тым болей, што ў базе дадзеных «Голасу» не захоўваюцца непасрэдна нумары тэлефонаў, там яны зашыфраваныя (хэшаваныя).

«Мы зьвязваем чарговую правакацыю з эфэктыўнасьцю працы „Голасу“, які карыстаецца даверам і беларусаў, і ўсёй міжнароднай супольнасьці, якая пасьля абвяшчэньня галасаваньня за перамовы аб выхадзе з крызісу прыкметна актывізавалася».

«Голас» папрасіў карыстальнікаў не давяраць правакацыям, запэўніўшы, што ўсе дадзеныя надзейна абаронены і знаходзяцца ў поўнай бясьпецы. Акрамя таго, на плятформе патлумачылі, што маюць звыш 1,6 млн уліковых запісаў, а не 760 тысяч.

Асобны нюанс «Голас» апісаў для тэхнічных спэцыялістаў, паведаміўшы, што ў скрыншоце нібыта «базы дадзеных» і ў саміх дадзеных, якія выдаюцца за яе, ёсьць грубая памылка, якая паказвае падробку: chat_id ва ўсіх запісаў аднолькавы, што ў рэчаіснасьці немагчыма — у кожнага карыстальніка гэтыя дадзеныя ўнікальныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сотні тысяч, па-ранейшаму актыўныя, патрабуюць пераменаў», — распрацоўнік «Голасу» пра IT-тэхналёгіі супраць дубінак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры якіх умовах улады могуць пайсьці на перамовы? Тлумачыць аналітык