Як найменей 36 чалавек загінулі, некалькі дзясяткаў пацярпелі ў выніку сутыкненьня пасажырскага цягніка з рамонтнай машынай на Тайвані. Аварыя адбылася ўнутры тунэля на ўсходзе вострава.
Згодна з паведамленьнем міністэрства транспарту, цягнік рухаўся са сталіцы Тайпэя ў Тайдун, буйны тайваньскі горад. У цягніку былі каля 350 чалавек. Вагоны былі перапоўненыя, многія пасажыры стаялі.
Паводле папярэдніх дадзеных, інжынэрная спэцтэхніка была дрэнна запаркаваная, сасьлізнула і апынулася на рэйках перад цягніком. У выніку частка вагонаў урэзалася ў сьцены тунэля.
Агенцтва Reuters называе гэта найбуйнейшай чыгуначнай катастрофай на востраве за апошнія 40 гадоў. У 1981 годзе ў выніку крушэньня цягніка загінулі 30 чалавек.