Мінкульт адмяніў вынікі адборачнага туру Нацыянальнай тэатральнай прэміі, у які выйшлі 2 спэктаклі купалаўцаў

Прэмʼера «Шляхціца Завальні» на сцэне Купалаўскага тэатру, ліпень 2019 году

Міністэрства заявіла, што атрымала «шматлікія просьбы» аб падаўжэньні тэрмінаў прыняцьця заявак на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія».

У сувязі з гэтым Мінкульт вырашыў правесьці рэспубліканскі конкурс у 2021 годзе і скасаваць вынікі адборачнага туру 2020, паведаміў тэлеграм-канал ведамства.

Сярод спэктакляў, якія прайшлі цяпер ужо скасаваны адбор, былі «Кароль Лір» і «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях», пастаўленыя ў Купалаўскім тэатры, адпаведна, рэжысэрамі Мікалаем Пінігіным і Аленай Ганум. Фінальныя мерапрыемствы конкурсу плянаваліся зь верасьня па сьнежань 2020 году, але не адбыліся.

Новы адборачны тур пройдзе з 1 па 30 красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні забаранілі спэктакль, дзе асуджаецца фашызм. Пракуратура ўгледзела ў ім аналёгіі з сытуацыяй у краіне

Падзеі на 100-годзьдзе Купалаўскага

З Купалаўскага тэатру на знак пратэсту супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў сышлі ўсе вядучыя акторы, у трупу набралі ўчорашніх студэнтаў. Са старога складу засталіся некалькі чалавек. На сцэне тэатру сталі выступаць праўладныя артысты з канцэртамі ў падтрымку Лукашэнкі і АМАПу.

У лютым 2021 году ў тэатар прыехаў сам Лукашэнка, якому паказалі перапрацаваную пастаноўку п’есы «Паўлінка», а міністар культуры Анатоль Маркевіч сказаў, што яна стала яшчэ лепшай, чым была.

Колішні кіраўнік Купалаўскага тэатру Павал Латушка выехаў за мяжу і заснаваў Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, якое публікуе сакрэтныя дакумэнты рэжыму Лукашэнкі і заклікае таго пайсьці ў адстаўку.

Акторы, якія пакінулі тэатар празь нязгоду з рэпрэсіямі, заснавалі канал на YouTube, на якім паказваюць новыя спэктаклі, зьвяртаюцца да іншых дзеячоў культуры Беларусі і чытаюць вершы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Страх і адчай Трэцяга Рэйха»: «Купалаўцы» пакажуць спэктакль пра нацызм
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэктакль пра Геніюш, які дапаможа беларусам стаць свабоднымі