Амэрыканскія мэдыкі пацьвердзілі эфэктыўнасьць вакцын Pfizer і Moderna «у рэальных умовах»

Увядзеньне дзьвюх дозаў гэтых вакцын зьніжае рызыку інфікаваньня на 90 адсоткаў, піша «Голас Амэрыкі».

Дасьледаваньне, апублікаванае фэдэральнымі Цэнтрамі па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў (CDC) ЗША, паказала, што мРНК-вакцыны вытворчасьці Pfizer-BioNTech і Moderna маюць высокую эфэктыўнасьць для прафіляктыкі COVID-19 «у рэальных умовах».

У дасьледаваньні, якое праходзіла з 14 сьнежня па 13 сакавіка ў шасьці штатах, прынялі ўдзел каля 4 тысяч мэдыкаў, работнікаў экстраных службаў і іншых працаўнікоў, якія выконваюць функцыі першараднай важнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 краінаў сьвету забясьпечылі сабе 76% даступных дозаў вакцынаў ад каранавірусу

Вынікі паказалі, што рызыка інфікаваньня зьніжаецца на 80 адсоткаў пасьля адной дозы і на 90 адсоткаў пасьля дзьвюх дозаў.

Выступаючы на брыфінгу групы рэагаваньня Белага дому па COVID-19, дырэктар CDC Рашэль Валэнскі заявіла, што названыя вакцыны могуць быць эфэктыўныя ня толькі для інфэкцый з сымптомамі, але і для бессымптомных выпадкаў.

Яна назвала атрыманыя вынікі «надзвычай абнадзейлівымі», адзначыўшы, што яны дапаўняюць іншыя нядаўнія дасьледаваньні, вынікі якіх былі апублікаваныя ў New England Journal of Medicine і іншых выданьнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон заявіў пра новы тып сусьветнай вайны — праз вакцыны