У Пінску асудзілі незалежных журналістаў Якімуша і Ярашука

У Пінску прайшоў судовы працэс над Андрэем Якімушам і Віктарам Ярашуком, якіх абвінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.

Як паведамляе «Мэдыя-Палессе», у дачыненьні да абодвух былі складзеныя пратаколы паводле ч. 3. ст. 23.5 КаАП «Незаконныя выраб і (або) распаўсюджваньне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі». Падставай быў падрыхтаваны імі матэрыял для тэлеканалу «Белсат».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Дзень Волі ў Беларусі затрымалі 6 журналістаў

Раней у членаў Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Якімуша і Віктара Ярашука прайшлі ператрусы. Канфіскаваныя кампутары, фота- і відэаапаратура, носьбіты інфармацыі, штатывы, а таксама пасьведчаньні журналістаў.

На судзе сваю віну Якімуш і Ярашук не прызналі. Яны заявілі, што матэрыял быў разьмешчаны на канале Ютуб, які ня ёсьць сродкам масавай інфармацыі.

Тым ня менш суд прызнаў журналістаў вінаватымі. Андрэю Якімушу прысуджаны штраф памерам 30 базавых велічынь, Віктару Ярашуку — 25 базавых, без канфіскацыі тэхнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Зьмітра Казакевіча аштрафавалі на 1740 рублёў. Ён працытаваў у судзе Оруэла