Дата дня
31 сакавіка 2019 году памерла Наталя Санько, навуковец, выдавец, удзельніца нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
Ужо ў самім прыходзе Наталі на сьвет бачыцца тое, што мэтафізычна паўплывала на лёс. Яна нарадзілася ў украінскай Жоўкве зь яе замкам-рэзыдэнцыяй Яна Сабескага, пераможцы туркаў пад Венай. Адзначылася Жоўква і ў гісторыі айчыннай літаратуры. Там эмігрантка з Расейскай імпэрыі ў аўстра-вугорскую Галіцыю Алаіза Пашкевіч (Цётка) выдала на пачатку ХХ стагодзьдзя свае «Скрыпку беларускую» і «Хрэст на свабоду».
Жыцьцёвы шлях Наталі, таемна ахрышчанай сьвятаром ужо скасаванай тады Ўкраінскай вуніяцкай царквы, будзе зьвязаны і з гісторыяй, і зь беларускай літаратурай.
Калі бацькі-беларусы вярнуліся ў 1955-м на радзіму, сямігадовай Наталі было няўцям, чаму ў Жоўкве ўсе гаварылі па-ўкраінску, а ў сталіцы Беларусі ніхто па-беларуску не размаўляе. Сумнае дзіцячае адкрыцьцё таксама адгукнецца ў лёсе — невынішчальным імкненьнем бараніць роднае, спрадвечнае.
Працуючы ў Беларускім навукова-дасьледчым інстытуце гематалёгіі, Наталя выславілася як экспэрымэнтатарка і стала ўладальніцай некалькіх патэнтаў на вынаходніцтвы. Аднак заняткі навукай ужо саступалі месца іншым зацікаўленьням.
У 1972-м будучы муж Зьміцер Санько прывёз Наталю ў родную вёску Азярычына знаёміць з сваякамі. Бацька, вясковы інтэлігент-патрыёт зь сям’і «раскулачаных», нечакана запытаўся: «А калі майго сына пагоняць у Сібір, гатовая пайсьці зь ім?» «Так», — адказала Наталя. Яна ўсьведамляла, з кім зьвязвае лёс.
Разам зь Зьмітром, цяпер вядомым кнігавыдаўцом і сапраўдным беларускім асьветнікам, Наталя ўвайшла ў нонканфармісцкую суполку «На паддашку», паседжаньні якой адбываліся ў майстэрні мастака Яўгена Куліка. Дзякуючы Наталінай гасьціннасьці філіялам суполкі хутка зрабілася кватэра маладой сям’і на вуліцы Арлоўскай.
Наталя разам з паддашкаўцамі ладзіла, па сутнасьці, неафіцыйныя мастацкія выставы, у тым ліку самую розгаласную — да 500-годзьдя Міколы Гусоўскага. У першым беларускім выданьні ягонай паэмы «Песьня пра зубра» правобразам ліцьвінкі ў народным строі зь дзіцем на руках на адной з ілюстрацый Куліка стала якраз Наталя.
Яна прычынілася да першага, нелегальнага выданьня славутай працы Міколы Ермаловіча «Па сьлядах аднаго міту». Адна зь першых у беларускай кнігавыдавецкай справе асвоіла пэрсанальны кампутар і стварыла макеты цэлай сэрыі кніг, сярод якіх «150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі», мае «Адкуль наш род» і «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» (у суаўтарстве з Генадзем Сагановічам). Некалькі гадоў ахвярна рыхтавала для факсымільнага выданьня гадавыя камплекты «Нашай Нівы». Часам стан нумароў быў такі, што даводзілася працаваць з кожнай літарай.
Ужо на Божай пасьцелі яна пісала артыкул пра слоўнікі архімандрыта Льва Гарошкі.
Наталі няма, але па-ранейшаму гучыць прыцішана-сьветлая музыка яе жыцьця.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 740-741.
Your browser doesn’t support HTML5
Таксама ў гэты дзень
1889- афіцыйнае адкрыцьцё Эйфэлевай вежы.
1940 — дванаццатай савецкай рэспублікай стала Карэла-Фінская ССР
1966 — у СССР ажыцьцёўлены пасьпяховы запуск першага ў сьвеце штучнага спадарожніка Месяца.
1967 — пасьля рашэньня Францыі аб выхадзе з ваеннай арганізацыі NATO штаб-кватэра Альянсу пераведзеная з Парыжу ў сталіцу Бэльгіі Брусэль.
1991 — На пазачарговай нарадзе кіраўніцтва арганізацыі краінаў Варшаўскай дамовы прынятае рашэньне аб скасаваньні ваенных структураў гэтай арганізацыі.
У гэты дзень нарадзіліся
1596 — Рэнэ Дэкарт, францускі філёзаф і матэматык.
1685 — Іаган Себасцьян Бах, нямецкі кампазытар.
1732 — Франц Ёзэф Гайдн, аўстрыйскі кампазытар.
1839 — Мікалай Пржавальскі, расейскі географ і падарожнік, паходзіў зь беларускага шляхецкага роду.
1926 — Джон Фаўлз, англійскі раманіст і эсэіст.
У памяці
1727 — Ісак Ньютан, вялікі англійскі навуковец.
1785 — Антоні Тызэнгаўз, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мэцэнат.
2020 — Віктар Дашкевіч, беларускі актор, першая ахвяра каранавірусу ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тата хацеў праславіць Віцебск як актор, а праславіў як першая ахвяра каранавірусу». Інтэрвію з дачкой Віктара Дашкевіча. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйна віцебскі актор памёр не ад каранавірусу