АМАП разагнаў праводзіны адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій

Адвакаты на працэсе, ілюстрацыйнае фота

Надзвычайнае здарэньне адбылося 26 сакавіка на вуліцы Чырвонай у Менску, дзе месьціцца некалькі юрыдычных кансультацый. Два дзясяткі юрыстаў забралі ў міліцыю і прымушалі дыхаць у трубку.

Як піша тэлеграм-канал «Нашай нівы», у адной зь юрыдычных кантораў сабраліся каля 20 адвакатаў, каб разьвітацца з пазбаўленымі ліцэнзіі калегамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да 2020 году я казаў, што буду займацца толькі бізнэсам». Вялікая гутарка з адвакатам Сяргеем Зікрацкім, у якога забіраюць ліцэнзію

Прыкладна праз паўгадзіны прыехаў АМАП і спыніў бяседу. Усіх адвезьлі ў міліцэйскі пастарунак, а пасьля — на мэдычную экспэртызу.

На тых, у каго зафіксавалі лішнія праміле, склалі пратаколы паводле арт. 19.3 КаАП (расьпіцьцё алькагольных напояў на працоўным месцы). Хто ня піў, адпусьцілі без пратаколу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адвакаткі Марыі Калесьнікавай і яшчэ трох адвакатаў забралі ліцэнзіі

Юрысты перакананыя: такі хуткі прыезд сілавікоў можа азначаць, што офісы адвакацкіх кансультацый праслухоўваюцца ў рэжыме рэальнага часу.