У Суэцкім канале зьнялі зь меліны судна, якое блякавала рух амаль тыдзень

Спадарожнікавы здымак заблякаванага Суэцкага канала, 28 сакавіка 2021

Судна Ever Given, якое 23 сакавіка заблякавала суднаходзтва ў Суэцкім канале, зьнялі зь меліны.

Пра гэта транспартная кампанія Inchcape Shipping паведамляе ў сваім Твітэры.

Паводле інфармацыі кампаніі, гэта адбылося ў 4:30 паводле мясцовага часу. Як хутка ў Суэцкім канале адновіцца рух, пакуль не паведамляецца.

Агенцтва Bloomberg піша, што для зьняцьця зь мелі судна Ever Given, якое перавозіць кантэйнэры, задзейнічалі 10 буксіраў, а таксама выкапалі 27 тысяч кубамэтраў пяску на глыбіню 18 мэтраў. Пакуль застаецца невядомым, колькі часу спатрэбіцца для вызваленьня 450 суднаў, якія затрымаліся праз блякаваньне руху.

Ever Given — адзін з самых вялікіх у сьвеце караблёў, якія перавозяць кантэйнэры — сеў на мель у Суэцкім канале раніцай 23 сакавіка. Транспартная кампанія паведамляла, што прычынай інцыдэнту стаў моцны вецер. Судна накіроўвалася з Кітаю ў нідэрляндзкі порт Ратэрдам, на ім знаходзіліся нафта і нафтапрадукты.

Страхавая кампанія Allianz заяўляла, што праз блакаваньне Суэцкага канала сусьветны гандаль можа страціць 230 млрд даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кантэйнэравоз Ever Given чацьвёрты дзень спрабуюць зьняць зь меліны — ён загарадзіў Суэцкі канал