«Украіна як дэмакратычная краіна ня супраць свабоды сходаў, калі яны не ўяўляюць пагрозы для супрацоўнікаў дыпляматычнай установы і іх уласнасьці», — заявіў у камэнтары Укрінфарм амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім.
Дыплямат паведаміў, што сёньня каля пяцідзесяці чалавек з чырвона-зялёнымі сьцягамі і плякатамі, на якіх былі напісаныя «вядомыя расейскія штампы з абвінавачаньнямі на адрас Украіны», падышлі да амбасады, скандуючы лёзунгі кшталту «Фашызм ня пройдзе!».
«Я выйшаў да ўказаных асобаў, каб высьветліць прычыны мітынгу, і каля паўгадзіны тлумачыў нашу пазыцыю, расказваў пра стаўленьне Ўкраіны да падзеяў у Беларусі, дружалюбнае стаўленьне Ўкраіны да беларускага народу, а таксама пра працяглую расейскую агрэсію супраць нашай дзяржавы. Пераканаць гэтых людзей было цяжка, але я думаю, што мець зносіны трэба, і спадзяюся, што хоць некаторыя зь іх зьмянілі сваю думку», — адзначыў амбасадар.
Ён таксама сказаў, што мітынг здымаў адзін з тэлеканалаў дзяржаўнага тэлебачаньня. Акрамя таго, па інфармацыі незалежных СМІ, удзельнікі мітынгу пасьля завяршэньня мерапрыемства арганізаванай калёнай накіраваліся да будынку, дзе месьціцца гарадзкі камітэт БРСМ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна ўвяла санкцыі супраць былых міліцыянтаў, якія ўцяклі ў Расею. Пра «ўцекачоў» у Беларусь не згадаліПа словах Кізіма, гэтыя факты даюць падставы казаць, што мітынг быў ня спантаннай, а сплянаванай акцыяй.
Дыплямат нагадаў, што пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, вынікаў якіх Украіна не прызнала, палітычныя адносіны паміж краінамі пастаўленыя на паўзу. Але, каб не пашкодзіць людзям, украінскі бок спрабуе падтрымліваць пэўны ўзровень гандлёва-эканамічных і культурна-гуманітарных сувязяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Мы па-за палітыкай». Генпракурорка Ўкраіны расказала, ці будуць выдаваць беларускіх уцекачоў на радзіму
Сёньня ж група людзей пад чырвона-зялёнымі сьцягамі пікетавала амбасаду Злучаных Штатаў у Менску. Пра акцыю першымі паведамілі дзяржаўныя і праўладныя каналы. Сілавікі не разганялі акцыі і не затрымлівалі ўдзельнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна пачала новае расьсьледаваньне супраць беларускай прадукцыі. Падазраюць у дэмпінгу