У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга затрымалі беларускага бізнэсоўца, блізкага да Лукашэнкі

Сьцяг Дэмакратычнай рэспублікі Конга

Бізнэсоўца і ганаровага консула Зымбабвэ ў Беларусі Аляксандра Зінгмана кангалеская паліцыя арыштавала ў аэрапорце гораду Лубумбашы.

Крыніца, блізкая да адміністрацыі прэзыдэнта Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Фэлікса Чысэкедзі, пацьвердзіла факт арышту Зінгмана, паведамляе мясцовы сайт Daily Maverick.

Затрыманьне адбылося пасьля таго, як Зінгман прыляцеў з Кіншасы, дзе сустракаўся з былым прэзыдэнтам краіны Жазэфам Кабілам. Там яго дапыталі пра бізнэс у ДРК. Афіцыйна Зінгман займаецца пастаўкамі прамысловай і сельгастэхнікі ў Афрыку, піша Эўрарадыё.

«Зінгман раней згадваўся ў паведамленьнях СМІ ў сувязі з угодамі са зброяй у Замбіі і Зымбабвэ, што ён адмаўляў», — піша Daily Maverick. Выданьне дадае, што ён зьвязаны з Лукашэнкам.

У Зінгмана падвойнае грамадзянства ЗША і Беларусі, і ягоны арышт прывёў да актыўнай дыпляматычнай дзейнасьці. Па словах кангалескіх крыніц, урады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Зымбабвэ аказвалі ціск з мэтай яго вызвалення. Аднак пакуль Зінгамана ня вызвалілі.

Іншая крыніца ў ДРК сьцьвярджае, што Зінгман прапаноўваў прадаць зброю былому прэзыдэнту Кабілу, адносіны якога зь яго пераемнікам лічацца напружанымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азаронак прызнаўся, што справу супраць перакладчыцы Калацкай ініцыяваў Сьледчы камітэт. Пракурор просіць два гады «хатняй хіміі»