На «Міс Сусьвет» ад Лаосу паедзе прыгажуня зь беларускімі каранямі. Яе мама зь Лельчыц

Лаоская моладзь, ілюстрацыйнае фота

Пераможцай конкурсу «Міс Сусьвет Лаос 2020» стала Крысьціна Ласасіма. Яна напалову этнічная беларуска: яе маці — з Гомельшчыны.

Перамога ў краінавым конкурсе, які праводзіўся віртуальна, дае дзяўчыне права прадставіць краіну на міжнародным форуме «Міс Сусьвет 2020». Фінал пройдзе 16 траўня ў амэрыканскім штаце Флорыда.

Пра гэта паведамляе выданьне «Беларусь&мир» са спасылкай на афіцыйны сайт конкурсу. Абодва мерапрыемствы мусілі адбыцца яшчэ летась, аднак праз пандэмію каранавірусу іх перанесьлі на 2021 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў указ аб мадэльнай дзейнасьці

Паводле лаоскіх СМІ, Крысьціна Ласасіма нарадзілася ў сталіцы краіны Віенцьяне, мае беларускія карані. У свой час яе мама пераехала сюды зь Лельчыц Гомельскай вобласьці.

Дзяўчына ўжо ня першы раз становіцца пераможцай конкурсаў прыгажосьці: на яе рахунку тытул «Міс Лаос 2012». Таксама яна працавала мадэльлю ў Тайляндзе.

Пра свае посьпехі Крысьціна расказвае на асабістай старонцы ў Facebook.