Ізраіль праводзіць чацьвёртыя парлямэнцкія выбары за два гады

Біньямін Нэтаньягу

23 сакавіка ў Ізраілі праходзяць чацьвёртыя парлямэнцкія выбары за два гады, а Біньямін Нэтаньягу імкнецца падоўжыць свой 12-гадовы тэрмін прэм’ер-міністра.

Чакаецца, што правая партыя «Лікуд» Нэтаньягу набярэ найбольшую колькасць галасоў. Аднак ніводная партыя ніколі не атрымала абсалютнай большасьці ў 120-мандатным Кнэсэце.

На гэтых выбарах Нэтаньягу робіць стаўку на пасьпяховую вакцынацыю супраць COVID-19 і на аднаўленьне эканомікі. На гэты момант прышчэплена каля паловы ізраільцян, што робіць Ізраіль сусьветным лідэрам у галіне вакцынацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль спадзяецца прышчапіць ад COVID-19 дарослае насельніцтва да канца сакавіка

71-гадовы Нэтаньягу таксама пасьпяхова наладжвае дыпляматычныя адносіны з манархіямі Пэрсыдзкай затокі, Суданам і Марока, паслабляючы рэгіянальную ізаляцыю Дзяржавы Ізраіль.

Аднак прэмʼер-міністар абвінавачваецца ў справе аб хабарніцтве і карупцыі, якія ён адмаўляе. Крытыкі Нэтаньягу сьцьвярджаюць, што яго мэта — прасунуць у парлямэнце законапраект, які спыніць суд над ім.

Найзначнейшым апанэнтам Нэтаньягу на выбарах лічыцца Яір Лапід з партыі «Еш Атыд».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як COVID-19 мяняе жыцьцё: Сэртыфікаты вакцынацыі ў Эўропе і «зялёныя пашпарты» ў Ізраілі