Жыхары раёну «Велазавод» зьвяртаюцца да кампаніі Yara. ФАТАФАКТ

Фота даслалі чытачы Свабоды

Менчукі, якія жывуць у раёне велазаводу, заклікаюць нарвэскую кампанію Yara прыпыніць супрацу зь «Беларуськаліем» да выкананьня асноўных патрабаваньняў.

Пэрформанс з такім заклікам правялі жыхары мікрараёну і выклалі фота ў сацсеткі.

Сярод патрабаваньняў, якія, на іх думку, мусіць агучыць беларускім уладам Yara :

  • свабоду ўсім палітвязьням
  • сумленныя выбары
  • расьсьледаваньне і пакараньне вінаватых у рэпрэсіях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская асабіста заклікала кіраўніка кампаніі Yara, якая купляе беларускі калій, далей ціснуць на беларускія ўлады

У гэтым месяцы Сьвятлана Ціханоўская пагутарыла па тэлефоне з гендырэктарам кампаніі Yara International, якая купляе беларускія калійныя ўгнаеньні. «Ціханоўская заклікала нарвэскую кампанію аказаць ціск на кіраўніцтва „Беларуськалію“, а таксама зрабіць канкрэтныя і адчувальныя крокі для таго, каб спыніць рэпрэсіі супраць сяброў страйкаму прадпрыемства», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Ціханоўскай.

Больш за 53 тысячы чалавек падпісалі пэтыцыю, у якой заклікалі кіраўніцтва Yara International прыпыніць супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем», які, як сьцьвярджаецца ў пэтыцыі, зьяўляецца адной з асноўных крыніц фінансаваньня сілавікоў, адказных за перасьлед дзясяткаў тысяч беларусаў.