Спэцдакладчыца ААН: У Беларусі ўзмацняецца ціск на праваабаронцаў

Мэры Лолар (Mary Lawlor)

Мэры Лолар — спэцыяльная дакладчыца ААН пра становішча праваабаронцаў — адзначыла ўзмацненьне ціску на беларускіх праваабаронцаў з боку ўладаў.

19 сакавіка яна заклікала ўлады Беларусі зьняць усе абмежаваньні правоў грамадзянскай супольнасьці. Яе заклік падтрымалі яшчэ чатыры спэцдакладчыкі ААН.

«Ператрусы ў офісах, арышты праваабаронцаў і перашкоды працы адвакатаў сталі агульнай практыкай, — сказала Лолар. — Мне таксама паведамлялі, што некаторыя прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці за супрацоўніцтва з ААН і зазнаюць жорсткае абыходжаньне падчас утрыманьня пад вартай».

У сваёй заяве Лолар згадала перасьлед

  • Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага з Офісу правоў людзей з інваліднасьцю, якія супрацоўнічалі з Офісам правоў чалавека ААН;
  • Марыю Рабкову — каардынатарку валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна». Яе ўзялі пад варту летась у верасьні;
  • Беларускага Прэс-клюбу, чатыры супрацоўнікі якога чакаюць суду за кратамі, а аднаго выслалі зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Рабкову абвінавацілі ў распальваньні варожасьці і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разьдзелі дагала. Прамацалі, празванілі ўсё, што можна». Юрыст расказаў пра зьдзекі ў ДФР. ВІДЭА

Лолар раскрытыкавала прымус даваць падпіску пра неразгалошваньне інфармацыі, што робіць абмен інфармацыяй пра сытуацыю з правамі чалавека фактычна незаконнай.

«Прастора для ажыцьцяўленьня праваабаронцамі іхнай дзейнасьці ў Беларусі становіцца немагчыма вузкай, — адзначыла яна. — Калі праваабаронцаў, супрацоўнікаў СМІ, адвакатаў прымушаюць маўчаць, меркаваныя парушэньні правоў застаюцца бескантрольнымі і нерасьсьледаванымі».

Мэры Лоран канстатавала, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У камэры з 8 чалавек 5 — „палітычныя“». Што піша Юлія Слуцкая з-за кратаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць лідэра АГП Мікалая Казлова завялі крымінальную справу — за «разгалошваньне зьвестак» пра перасьлед Каардынацыйнай рады