У Горадні забаранілі спэктакль, дзе асуджаецца фашызм. Пракуратура ўгледзела ў ім аналёгіі з сытуацыяй у краіне

Аб'ява пра скасаваньне спэктаклю

Заплянаваны на суботу паказ пастаноўкі «Кадзіш» у Горадні не адбудзецца. Актораў вылікалі ў пракуратуру і папярэдзілі, што супраць іх могуць пачаць справу за «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці».

Як паведамляе ў сваім Фэйсбуку Цэнтар гарадзкога жыцьця, дзе мелася прайсьці сустрэча, актораў Ігара Ўланава, Аляксея Станогу, Паліну Левіну, Аксану Машынкову выклікалі ў пракуратуру горада.

Там іх папярэдзілі, што ў выпадку, калі спэктакль убачаць гледачы, пракуратура не выключае завядзеньня супраць актораў крымінальнай справы паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці»).

Слова «кадзіш» азначае габрэйскую памінальную малітву. У фэйсбуку Цэнтар гарадзкога жыцьця пераказаў прэтэнзіі супрацоўнікаў пракуратуры да актораў.

«У спэктаклі „Кадзіш“ асуджаецца фашызм. А менавіта з фашыстамі частка беларускага грамадзтва асацыюе сёньняшнюю ўладу. Такія параўнаньні непажаданыя ў сёньняшніх палітычных умовах, нельга прадказаць эмоцыі і рэакцыю гледачоў.

У спэктаклі „Кадзіш“ гаворыцца пра канцлягеры. А менавіта з канцлягерамі частка беларускага грамадзтва, асацыюе сёньняшнюю ўладу. Такія параўнаньні непажаданыя ў сёньняшніх палітычных умовах, нельга прадказаць эмоцыі і рэакцыю гледачоў.

У спэктаклі „Кадзіш“ гаворыцца пра трагічны лёс габрэяў у часе Другой сусьветнай вайны. А гэта цягне на артыкул 130 Крымінальнага кодэксу („распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці“)», — пішуць арганізатары спэктаклю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да смаргонскага настаўніка, які расказаў пра бел-чырвона-белы сьцяг, прыходзілі сілавікі