Заблякаваны ў Беларусі сайт kyky.org просіць дапамогі праз Patreon. Што гэта такое?

Лягатып сайту kyky.org

Чытачы заблякаванага ў Беларусі сайта могуць дапамагчы рэдакцыі сумай ад 5 да 100 эўра, узамен атрымаўшы «лоты».

Беларускі сайт kyky.org, дамэны якога ўлады Беларусі блякавалі ўжо ня менш як восем разоў, запусьціў рахунак на Patreon, дзякуючы якому чытачы могуць атрымаць падарункі і выгадныя прапановы ад інтэрнэт-рэсурсу. Варта толькі падтрымаць каманду рэдакцыі.

Як адзначыла рэдакцыя Kyky, раней сайт пісаў пра ўсё, што хвалюе беларусаў — пра прадпрымальнікаў, кандыдатаў у прэзыдэнты, каранакрызіс і культуру. Але пасьля 9 жніўня 2020 году на парадку дня дваровыя маршы, ператрусы, затрыманьні, ізалятары, крымінальныя справы і суды.

З канца жніўня рэдакцыя знаходзіцца не ў Беларусі, сайт на радзіме заблякаваны, а рахункі — арыштаваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купляем дамэны з ідыёцкімі назвамі», — дырэктарка заблякаванага KYKY.org пра «гульню» зь Мінінфармацыі

Сузаснавальнік сайта Аляксандар Васілевіч сядзіць у турме. 4 верасьня Васілевічу і ягонай жонцы Надзеі Зелянковай выставілі абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве. Ён пад вартай у СІЗА № 1 Менску, яна на волі. У чым іх абвінавачваюць, афіцыйна невядома, адвакатка дала падпіску аб невыдаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсоўцу Васілевічу пасьля паўгода ў СІЗА зноў падоўжылі ўтрыманьне пад вартай

Што дае плятформа Patreon?

Patreon — пляцоўка для збору грошай грамадой дзеля працягу працы рэдакцыі, блогу альбо ініцыятывы. Пляцоўка працуе як онлайн-крама: на рахунку арганізацыі разьмяшчаюцца лоты, на якія можна аформіць падпіску, ахвяраваўшы грошы. За гэта ахвярадаўца атрымлівае прадукты і паслугі, прадугледжаныя замоўленым лотам.

У якасьці лотаў рэдакцыя kyky.org прапанавала рэчы з дызайнам ад таленавітых беларусаў:

  • прынт на майках — праца ўжо легендарнага Ўладзімера Цэсьлера
  • шопэр, аформлены артам Базыля Стахіевіча, чыя скульптура стала фішкай менскай Кастрычніцкай
  • постэр — праца Караліны Паляковай
  • стыкер, зроблены на аснове работаў Антона Snt

5 рэжымаў падтрымкі падзеленыя ў залежнасьці ад сумы ахвяраваньня, ад 5 да 100 эўра. У апошнім рэжыме, які называецца «Таемны мэцэнат», чалавек можа падтрымаць таксама й рэдакцыю The Village Беларусь, якая знаходзіцца ў адным мэдыяхолдынгу з kyky.org і таксама зазнала блякаваньне сайта і арышт рахункаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм заблякаваў ужо пяты дамэнны адрас сайту Kyky.org
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт газэты «Народнай Волі» з вечара пятніцы зазнае кібэратаку