У Менскай вобласьці на аўкцыён выставілі вайсковую частку. Стартавая цана 667 рублёў

Вайсковая частка, ілюстрацыйнае фота

У Крупскім раёне з аўкцыёну прададуць цэлую вайсковую частку, прычым стартавая цана складае менш за 700 рублёў.

Як вынікае з інфармацыі на сайце Дзяржаўнага камітэту маёмасьці Рэспублікі Беларусь, вайсковы гарадок месьціцца побач з райцэнтрам.

Пасьля ліквідацыі вайсковай часткі некалькі гадоў таму яе аб’екты перайшлі на балянс камунальнага прадпрыемства «Жылцеплабуд».

Зуб з атрутай, парасон для забойства, цыгарэты зь мікрафонам. Савецкія шпіёнскія «штучкі» распрадаюцца на аўкцыёне

За стартавую цану 667 рублёў (23 базавыя велічыні) на аўкцыёне выставяць будынкі складоў, сховішчы тэхнікі і інжынэрныя збудаваньні. Агулам 23 аб’екты, пабудаваныя пераважна ў 1960–70-я гады. Пераможцу адыдзе таксама і зямельны надзел плошчай 67 га (у 50-гадовую арэнду).

Аўкцыён заплянаваны на 30 сакавіка ў Менску.

Раней у Крупскім раёне разьмяшчаліся некалькі частак савецкай 7-й танкавай арміі, у тым ліку батальёны хімічнай абароны і выведкі.