Зьявілася пэтыцыя ў абарону дзейнасьці індывідуальных адвакатаў і адвакацкіх бюро

Адвакаты Сяргей Зікрацкі (справа) і Аляксандар Хаецкі, якія абаранялі журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову.

Стваральнікі пэтыцыі патрабуюць выключыць з праекту закону аб адвакацкай дзейнасьці пляны забароны індывідуальнай адвакацкай практыкі ў адміністрацыйных і крымінальных справах.

У тэксьце пэтыцыі адзначана, што ціск на абаронцаў палітычных зьняволеных узмацняецца з кожным днём. Толькі за апошнія месяцы пазбавілі ліцэнзій больш за 10 адвакатаў, і адбылося гэта «па палітычных матывах». Адвакатаў працягваюць беспадстаўна выклікаць на паседжаньні атэстацыйных камісій. У асобных дзяржаўных СМІ назіраецца цкаваньне абаронцаў Віктара Бабарыкі.

10 сакавіка ў сацыяльных сетках апублікавалі праект Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях адвакацкай дзейнасьці», у якім прапанавана забараніць адвакатам, якія працуюць індывідуальна, а таксама адвакацкім бюро аказваць юрыдычную дапамогу ў адміністрацыйных і крымінальных справах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адваката Зікрацкага могуць пазбавіць ліцэнзіі

Патрабаваньні пэтыцыі:

  • Спыніць ціск на адвакатаў, якія працуюць індывідуальна, і адвакацкія бюро, якія адкрыта ўказваюць на парушэньні закону з боку судовых органаў;
  • Адправіць на дапрацоўку праект закону і выключыць зь яго нормы, якія могуць забараніць «індывідуальным» адвакатам і адвакацкім бюро весьці крымінальныя і адміністрацыйныя справы;
  • Правесьці грамадзкае абмеркаваньне праекту закону ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі арт. 7 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах».

Раней адзін з адвакатаў палітвязьня Віктара Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі даслаў пытаньні ў Міністэрства юстыцыі, Рэспубліканскую і Менскую калегіі адвакатаў, назваўшы законапраект пагрозай для незалежнасьці прафэсіі. Ён спадзяецца, што салідарнасьць у пытаньні праявяць найперш самі адвакаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіўся законапраект, які забараняе адвакатам-індывідуалам абараняць у крымінальных і адміністрацыйных справах

Цяпер у бюро і індывідуальнай практыцы працуе прыкладна траціна ўсіх адвакатаў у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта будзе калясальны ўдар па незалежнасьці прафэсіі», — адвакат Бабарыкі перасьцерагаецца пагаршэньня прававога становішча адвакатуры