За флэшмоб з галеньнем галавы студэнтаў выклікалі ў пракуратуру

Страйк студэнтаў БДУІР, архіўнае фота

Студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якія пагалілі галовы на знак салідарнасьці з палітвязьнямі, выклікалі ў пракуратуру.

Маладых людзей папярэдзілі аб адказнасьці за парушэньне Адміністрацыйнага кодэксу, паведамляе Tut.by.

У флэшмобе #свабодустудэнцтву ўдзельнічалі чацьвёра студэнтаў полацкай ВНУ; не хавалі сваіх прозьвішчаў Ганна Багданава і Аляксандра Бука.

«У пракуратуры нам не пагражалі, але папярэдзілі аб адказнасьці за заклікі да „масавых мерапрыемстваў або ўдзел у іх“. Азнаёмілі з артыкуламі абноўленага КаАП, які ўступіў у сілу ад 1 сакавіка», — расказалі суразмоўцы парталу.

Студэнты тлумачаць, што на флэшмоб #свабодустудэнцтва іх натхніў учынак Арцёма Лук’яненкі з гурту Naviband, які пагаліў галаву на знак салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не ўяўляю, як Беларусь цяпер можа паехаць на „Эўравізію“». Naviband пра новую песьню і рэальную культуру ў падпольлі

Раней да флэшмобу далучыліся студэнты шэрагу ВНУ па ўсёй Беларусі.