У Берасьці 9 чалавек асудзілі за «масавыя беспарадкі». Непаўналетнім далі па 3 гады выхаваўчай калёніі

Берасьце, 10 жніўня 2020

10 сакавіка ў Берасьці вынесьлі прысуды першым дзевяці фігурантам у справе аб падзеях леташняга жніўня. Усіх прызналі вінаватымі ў масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі і зьнішчэньнем маёмасьці.

Калектыўны вырак агучыла судзьдзя Маскоўскага суду Вера Філонік.

Як перадаюць валянтэры «Вясны», непаўналетнія Сяргей Гацкевіч і Дзяніс Хазей атрымалі па 3 гады выхаваўчай калёніі.

Сем асуджаных адправілі ў калёнію ўзмоцненага рэжыму: Аляксандра Драздова, Ільлю Мігно, Цімура Рызапура — на 4,5 гады, Сяргея Салоху, Ягора і Віталя Пракапчукоў — на 4, Сяргея Крыўчэню — на 3,5 года.

Дзясятай абвінавачанай, 18-гадовай Віталіі Бандарэнцы, пакараньне не прызначылі. Справу супраць яе прыпынілі. Дзяўчыну затрымалі ў канцы лютага, калі яна вярталася з-за мяжы ў Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шукалі лялькавода, бо не маглі зразумець, што людзі выйшлі самі». Асуджаныя «за карагод» дзяўчаты пра сваю справу

Паводле сьледзтва, падчас акцыі пратэсту пасьля выбараў 9 жніўня ў цэнтры Берасьця абвінавачаныя груба парушылі грамадзкі парадак, учынілі пагромы, нанесьлі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі (дошкамі, палкамі, сьметніцамі, лаўкамі, тратуарнай пліткай, бутэлькамі, камянямі, мэталічнымі нітамі, піратэхнічнымі вырабамі). Таксама наўмысна пашкодзілі транспартныя сродкi i iншую маёмасьць міліцыі.

Як заявіў дзяржабвінаваўца, «аб’яднаныя адзіным злачынным намерам, фігуранты справы спрабавалі ўжыць гвалт, «нанесьці цялесныя пашкоджаньні» супрацоўнікам праваахоўных органаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На судзе ў справе Шутава стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў

Пацярпелымі прызналі 29 чалавек, у судовай залі прысутнічалі сем. Яны знаходзіліся ў асобным пакоі, на пытаньні адказвалі зьмененымі галасамі.

Агульную суму нанесенай шкоды сьледзтва ацаніла больш як у 27 тысяч рублёў. Ніхто зь дзевяці асуджаных не пызнаў віну цалкам.