У Сьледчы камітэт масава выклікаюць на допыты ў справе праваабарончага цэнтру «Вясна»

Польская прэмія «Арол Яна Карскага» праваабарончаму цэнтру «Вясна», верасень 2020

Сьледчыя хочуць даведацца, ці плацілі кіраўнікі філіяў «Вясны» штрафы і пошліны пры абскарджваньні рэпрэсіўных прысудаў.

Паводле «Палескай Вясны», у Мазыры і Сьветлагорску спасылаюцца на забраныя падчас ператрусаў на кватэрах і ў офісах рэгіянальных філіяў копіямі абскарджваньня прысудаў паводле артыкулу 23.34. Гэтыя дакумэнты зьяўляюцца падставай для выкліку на допыты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за дзейнасьць праваабарончага цэнтру «Вясна»

Сьледчыя задаюць пытаньні пра тое, хто аплачваў штрафы і пошліны. Так, у Мазыры сьледчыя наўпрост задаюць пытаньні пра тое, што зьвязвае выкліканых з кіраўніком Мазырскай філіі «Вясны» Уладзімерам Целепуном.

У Сьветлагорску цікавяцца адносна кіраўніцы мясцовага прадстаўніцтва Алены Масьлюковай.

Акрамя таго, усіх прымушаюць даваць падпіску аб неразгалошваньні, каб зрабіць «расьсьледаваньне» максымальна закрытым.

Вядома найменей пра шэсьць чалавек, якіх выклікалі на допыты ў справе «Вясны» у Мазыры, і пра 10 чалавек у Сьветлагорску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Леанід Судаленка з турмы: «Праходжу курсы падвышэньня кваліфікацыі праваабаронцы»

5 сакавіка Рада праваабарончага цэнтру «Вясна» прыняла заяву наконт крымінальнай справы ў дачыненьні да арганізацыі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Юрыст Гомельскай філіі «Вясны» Леанід Судаленка ўжо зьняволены і абвінавачаны паводле гэтай справы. Таксама ў зьняволенні знаходзяцца кіраўніца валянтэрскай службы Марфа Рабкова, валянтэры Тацяна Ласіца і Андрэй Чапюк.