Рымашэўскага, Ягорава, Быкава ды іншых вызвалілі пасьля налёту на «Лігу студэнцкіх аб’яднаньняў»

Студэнцкая акцыя, жнівень 2020

У ноч на 6 сакавіка зь міліцыі вызваленыя шэраг удзельнікаў канфэрэнцыі незалежнага прафсаюзу «Ліга студэнцкіх аб’яднаньняў», затрыманых у Менску 5 сакавіка.

Паводле праваабаронцаў, сярод іх сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, палітоляг Андрэй Ягораў, прафсаюзны лідэр Генадзь Быкаў, кіраўніца менскай гарадзкой арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Марыя Тарадзецкая, выканаўчы дырэктар Інстытуту дэмакратыі і сацыяльнага рынку Дзьмітры Кухлей ды іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Налёт сілавікоў на ўстаноўчую канфэрэнцыю Лігі студэнцкіх аб’яднаньняў. Удзельнікі — у міліцыі

Увечары 5 сакавіка на ўстаноўчай канфэрэнцыі Лігі студэнцкіх аб’яднаньняў у менскім бізнэс-клюбе «Імагуру» невядомыя ў масках затрымалі блізу трох дзясяткаў чалавек. Усіх даставілі ў міліцыю.

Паводле сьведкаў, на студэнтаў пратаколы не складалі, але «жорстка правяралі», усе пад падпіскай за адміністрацыйную адказнасьць у выпадку паўторнага парушэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карыстаецца абсалютнай павагай, вызваляў студэнтаў з РУУС. Што вядома пра дэкана Шадурскага, які сышоў з пасады

У незалежны прафсаюз Лігі студэнцкіх аб’яднаньняў увайшлі прадстаўнікі мясцовых ініцыятываў найбуйнейшых беларускіх ВНУ.

Мэта новай арганізацыі — абараняць і адстойваць правы студэнтаў законнымі мэтадамі, аказваць ім юрыдычную дапамогу, садзейнічаць паляпшэньню ўмоваў навучаньня.