Трэці запуск Starship Ілана Маска скончыўся выбухам праз 10 хвілін пасьля пасадкі. ВІДЭА

Starship на палігоне кампаніі SpaceX ў Бока-Чыка на паўднёвым усходзе штату Тэхас

Прататып пілятаванага касьмічнага карабля Starship кампаніі SpaceX Ілана Маска выбухнуў праз 10 хвілін пасьля пасьпяховай пасадкі. Перад гэтым ён зрабіў выпрабавальны палёт, падняўшыся на вышыню каля 10 кілямэтраў.

Гэта першы выпадак, калі SpaceX змагла правесьці ўдалую пасадку прататыпу Starship. На кадрах відаць, як частка касьмічнага карабля падчас прызямленьня загарэлася. Празь некалькі хвілін ён выбухнуў. Нягледзячы на гэта, кампанія SpaceX задаволеная выпрабаваньнямі.

Заснавальнік кампаніі Ілан Маск напісаў у твітэры, што Starship прызямліўся цэлым. Выбух прататыпу карабля ён пакуль ніяк не камэнтаваў.

Палёт 3 сакавіка стаў трэцім выпрабавальным запускам Starship. Два мінулых запускі праходзілі 10 сьнежня і 3 лютага, у абодвух выпадках ракеты выбухнулі і разбурыліся пры пасадцы.