Найбуйнейшае ў сьвеце добраахвотнае аб’яднаньне юрыстаў зьвярнулася да ўладаў Беларусі

Элемэнт статуі Тэміды. У грэцкай міталёгіі яна лічылася багіняй правасудзьдзя.

Амэрыканская асацыяцыя адвакатаў выказала глыбокую занепакоенасьць «узмацненьнем нападаў на вяршэнства закону і незалежнасьць юрыдычнай прафэсіі ў Беларусі».

19 лютага Міністэрства юстыцыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіі чатырох адвакатаў — Максіма Конана, Людмілу Казак, Канстанціна Міхеля і Міхаіла Кірылюка. Яны аказвалі юрыдычныя паслугі на палітычных працэсах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тыдзень скасавалі ліцэнзіі ўжо пяці адвакатам

ABA — гэта найбуйнейшае ў сьвеце добраахвотнае абʼяднаньне юрыстаў. У звароце асацыяцыі згадваюцца таксама адвакаты Аляксандар Пыльчанка і Юлія Леванчук, пазбаўленыя ліцэнзіі пасьля жнівеньскіх падзеяў, а таксама фігуранты крымінальных справаў — адвакаты Максім Знак, Ільля Салей і Лілія Ўласава.

«Амэрыканская асацыяцыя адвакатаў заклікае ўрад Беларусі выканаць свае абавязаньні ў адпаведнасьці зь міжнародным правам і ўстрымацца ад помсты супраць адвакатаў за выкананьне імі прафэсійных абавязкаў», — гаворыцца ў паведамленьні ABA.

Асацыяцыя таксама заклікае ўрад Беларусі адмовіцца ад усіх адміністрацыйных і крымінальных перасьледаў у дачыненьні да адвакатаў, якія займаліся палітычнымі справамі, вызваліць зьняволеных юрыстаў і аднавіць адмененыя законныя ліцэнзіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава заявіла, што адміністрацыя СІЗА-1 не прапускае яе скаргі ў дзяржаўныя органы