Амбасада ЗША асудзіла прысуды Барысевіч і Сарокіну

Амбасада ЗША ў Менску

Дыпляматычнае прадстаўніцтва Злучаных Штатаў у Беларусі апублікавала адмысловую заяву з нагоды прысуду журналістцы і доктару. У ёй гаворыцца, што Злучаныя Штаты «асуджаюць палітычна матываваныя абвінавачваньні і прысуды, вынесеныя сёньня журналістцы Кацярыне Барысевіч і доктару Арцёму Сарокіну за іх ролю ў выкрыцьці праўды пра сьмерць Рамана Бандарэнкі, калі ён знаходзіўся ў міліцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі прысуд у справе «нуль праміле»: журналістцы Барысевіч — 6 месяцаў пазбаўленьня волі, лекару Сарокіну — 2 гады з адтэрміноўкай

«Гэтая крымінальная справа была распачатая, каб пакараць асобаў, якія выкрылі ілжывы аповед пра Бандарэнку, і адцягнуць увагу ад таго, што ў лістападзе сілавікі — і асобы, якія дзейнічалі зь іх ухвалы — зьбілі чалавека да сьмерці. Вінаватыя не былі прыцягнутыя да адказнасьці, улады замест гэтага вырашылі адпомсьціць тым, хто выкрыў факты.

Напады ўладаў на праўду, а таксама на журналістаў і іншых асобаў, якія раскрываюць гэтую праўду, працягваюцца няспынна. Злучаныя Штаты зноў заклікаюць спыніць рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, а таксама заклікаюць прыцягнуць да адказнасьці ўсіх, хто ўчыніў злоўжываньні.

Злучаныя Штаты падтрымліваюць сувэрэнную і незалежную Беларусь, якая выконвае свае міжнародныя абавязаньні па абароне правоў чалавека — уключаючы магчымасьць для ўсіх беларусаў ажыцьцяўляць гэтыя правы бяз рызыкі сьмерці і пазбаўленьня волі», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі Tut.by лічаць несправядлівым прысуд Кацярыне Барысевіч і патрабуюць вызваліць яе