Магілёўца судзяць за абразу трох сілавікоў. Тыя патрабуюць 13 тысяч рублёў кампэнсацыі

Міліцыянты ў цывільным, архіўнае фота

Тры супрацоўнікі міліцыі прад’явілі пазовы агулам на 13 тысяч рублёў да магілёўца Івана Ківы, абвінавачанага паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады).

Справа разглядаецца ў судзе Ленінскага раёну Магілёва. Судзьдзя — Тацяна Рахманенка, паведамляе сайт mogilev.online.

Згодна з матэрыяламі справы, у верасьні 2020 году Іван Ківа разьмясьціў пад адным з тэкстаў у групе «Народны патруль» абразьлівы камэнтар «зь ненарматыўнай лексыкай». Як мяркуе абвінавачаньне, ён тычыўся супрацоўнікаў міліцыі, пра якіх нібыта вялася гаворка ў публікацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зламалі палец, пырснулі з балёнчыка і абвінавацілі ў нападзе» — у Віцебску хвораму на анкалёгію інваліду далі 3,5 года турмы

Іван Ківа не адмаўляе, што зрабіў камэнтар, аднак ня згодны, што словы былі накіраваныя ў адрас міліцыянтаў, якія на фота былі ў цывільным адзеньні. Ён таксама сьцьвярджае, што толькі выказаў сваю думку, ня больш.

Аднак абражаныя міліцыянты лічаць, што словы мужчыны нанесьлі ім «вялікую маральную шкоду». Двое зь іх патрабуюць па 5 тысяч рублёў кампэнсацыі, яшчэ адзін — 3 тысячы.

Наступнае пасяджэньне суду заплянавалі на 17 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хтосьці мусіць з усяго гэтага засьмяяцца. Каб ня плакаць