Новы кодэкс дазволіў закрыты разгляд адміністрацыйнай справы

Затрыманьні на вуліцах Горадні ў 2020-м

З 1 сакавіка ў Беларусі набыў мой новы Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях (ПВКаАП). Што ў ім новага?

У новы кодэкс з ініцыятывы МУС унесьлі новую норму:

«У выпадках, калі гэтага патрабуюць інтарэсы гарантаваньня бясьпекі ўдзельнікаў адміністрацыйнага працэсу, іх блізкіх сваякоў, судом можа праводзіцца закрыты разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні».

У новым ПВКаАП таксама удакладняецца, што «ў абставінах, якія складаюць прадмет лекарскай тайны», сьведкай ня можа быць лекар. На яго ўдзел у якасьці сьведкі ў судзе патрабуецца згода асобы, якая зьвярнулася па мэдычную дапамогу.

У Кодэксе зьявіліся дадатковыя захады забесьпячэньня адміністрацыйнага працэсу — «у мэтах спыненьня правапарушэньняў, высьвятленьня асобы парушальніка, складаньня пратаколу, правядзеньня суду і выкананьня пастановы» грамадзяніну могуць абмежаваць права на выезд за межы Беларусі.

Таксама адпаведныя органы могуць забараніць кіраваньне мэханічным транспартным сродкам. Абмежаваць дзеяньне правоў ня могуць, напрыклад, для кіроўцы аўтобуса, бо гэта можа быць адзінай крыніцай ягонага даходу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаў дзеяньне новы Адміністрацыйны кодэкс. Што зьмянілася

Адміністрацыйнае затрыманьне на тэрмін звыш 3 гадзін няможна прымяніць да:

  • непаўналетніх, акрамя выпадкаў, калі за ўчыненае правапарушэньне пагражае дэпартацыя;
  • цяжарных жанчын;
  • інвалідаў I і II групы;
  • жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць на ўтрыманьні непаўналетніх дзяцей;
  • асобам, якія маюць на ўтрыманьні інвалідаў I групы або даглядаюць састарэлых, якія дасягнулі 80 гадоў, акрамя выпадкаў, калі за ўчыненае правапарушэньне пагражае дэпартацыя, а таксама калі названыя затрыманыя знаходзіліся ў грамадзкім месцы ў стане ап’яненьня, чым зьневажалі чалавечую годнасьць і грамадзкую маральнасьць;
  • калі затрыманы парушыў памежны рэжым у пункце пропуску.

Вайскоўцаў тэрміновай службы таксама нельга затрымаць на 3 гадзіны, іх мусяць перадаць у вайсковую частку.

Калі ў затрыманага ёсьць прыкметы псыхічнага расстройства, якія могуць стварыць небясьпеку, яго перадаюць у лякарню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Будкін: «Яны рэальныя спадкаемцы савецкіх катаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парадокс беларускай контрарэвалюцыі: адказам на народны пратэст сталі контрарэформы