Ціханоўская пра гарантыі Лукашэнку: гэта магчыма пры ўмове спыненьня рэпрэсій

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская мяркуе, што пытаньне гарантыяў бясьпекі Аляксандру Лукашэнку пасьля ягонага сыходу з улады маюць стаць прадметам палітычнай дыскусіі.

«Гэта абавязкова трэба вынесьці на дыскусію паміж дэмакратычнымі сіламі і прадстаўнікамі рэжыму. Зразумела, пытаньне можна абмяркоўваць, але што тычыцца некаторых фізычных гарантый бясьпекі Лукашэнку і ягонай сям’і, яны могуць быць дадзеныя, калі гэта неабходна для яго»,— сказала Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «НВ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская разьлічвае, што Лукашэнка сыдзе ўжо вясной

«Шмат хто гаворыць пра суд. Магчыма, гэта будзе, паступова. Ёсьць шмат сцэнароў. Можа, ён куды-небудзь сам паедзе; магчыма, неяк інакш складзецца. Але чыста па-чалавечы я ўяўляю ягонае жыцьцё вельмі самотным, з штодзённым разуменьнем таго, што ён мог бы быць першым прэзыдэнтам Беларусі, і людзі, магчыма, шмат добрага пра яго ўспаміналі б. Але ў канцы сваёй кар’еры ён зрабіў недапушчальныя для прэзыдэнта злачынствы. І добрым словам яго наўрад ці згадаюць».

Сьвятлана Ціханоўская мяркуе, што большасьць беларусаў таксама пагодзіцца на гарантыі бясьпекі для Лукашэнкі, калі гэта дапаможа спыніць рэпрэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыход Лукашэнкі па «маскоўскіх правілах» і пратэставая хваля, ператвораная ў падземны паток, які выйдзе вонкі ў любы момант

«Я лічу, што большасьць беларусаў прытрымліваюцца такой жа думкі: калі гэта дапаможа проста цяпер спыніць тэрор і рэпрэсіі, то гарантыі асабістай бясьпекі можна даць. І кожны беларус на гэта пайшоў бы. Але гарантыі бясьпекі не азначаюць прабачэньня», — падкрэсьліла яна.