Жанчын, затрыманых за акцыю ў электрычцы, на Акрэсьціна трымалі ў перапоўненай камэры і без матрацаў

Міліцыянты далі зразумець затрыманым, што праводзілі «спэцапэрацыю»: у іх групу «ўкаранілі» свайго супрацоўніка. Суды чакаюцца 1 сакавіка.

Жанчын, якія былі затрыманыя за арганізацыю ў электрычцы маладзечанскага напрамку акцыі ў падтрымку беларускай мовы, пачалі выпускаць з ізалятара часовага ўтрыманьня ў 1-м завулку Акрэсьціна ў Менску. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на валянтэрскі тэлеграм-канал «Сьпісы затрыманых».

Пакуль невядома, ці адбыўся разгляд адміністрацыйных пратаколаў.

26 лютага некалькі жанчын пэнсійнага ўзросту былі затрыманыя падчас чытаньня кніг беларускіх пісьменьнікаў у электрацягніку, які накіроўваўся ў Менск. Па дадзеных Праваабарончага цэнтру «Вясна», у міліцыю было дастаўлена прынамсі 16 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чыталі беларускія кнігі», — праваабаронцы паведамілі пра затрыманьне пэнсіянэраў на чыгуначнай станцыі Менск-Паўночны

Сілавікі запісалі жанчын на відэа і, паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга», міліцыянты далі зразумець жанчынам, што сярод іх быў падстаўны «ўкаранёны» чалавек. Людзі ў цывільным чакалі моманту для затрыманьня ў суседнім вагоне электрычкі.

Суд над жанчынамі адбудзецца 1 сакавіка. Умовы іх утрыманьня на Акрэсьціна былі жахлівымі: у камэру на 6 месцаў завялі 14 чалавек. Матрацаў не было. Аднак затрыманыя сьпявалі песьні і падтрымлівалі маладых сукамэрнікаў, якія адбываюць суткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі заявіў пра беспрэцэдэнтныя зьдзекі ўлады з жанчын
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У жыхаркі Гомля міліцыя канфіскавала белую і чырвоную гумкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчыны зь бел-чырвона-белымі парасонамі выйшлі на шпацыр у менскай Асмалоўцы. Фота