У Грузіі апазыцыя абвясьціла пра пачатак бестэрміновага пратэсту

Намёты апазыцыі каля парлямэнту Грузіі

У Тбілісі шматтысячная маніфэстацыя супраць арышту кіраўніка апазыцыйнага «Адзінага нацыянальнага руху» (АНР) Ніка Мэліі завяршылася 26 лютага без сур’ёзных эксцэсаў.

Паводле грузінскай службы Радыё Свабода, актывісты разьбілі больш за 10 намётаў каля будынку парлямэнту і зьбіраюцца правесьці там ноч.

Удзельнікі апазыцыйнай акцыі прайшлі па цэнтры грузінскай сталіцы з плякатамі «Свабоду Ніка Мэліі!» і з нацыянальнымі сьцягамі. Некаторыя трымалі сьцягі NATO. Яны заклікалі вызваліць усіх палітычных зьняволеных і правесьці датэрміновыя выбары ў парлямэнт.

Адна зь лідэраў АНР Хатыя Дэканаідзэ зачытала ўдзельнікам маніфэстацыі пасланьне ад Ніка Мэліі зь СІЗА. Ён заклікае прыхільнікаў працягваць барацьбу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі арыштавалі кіраўніка партыі Саакашвілі

Расейскае выданьне «Коммерсант» адзначае, што грузінская апазыцыя абвясьціла пра пачатак бестэрміновага пратэсту. Ён прадугледжвае пікетаваньне парлямэнту падчас пленарных пасяджэньняў, арганізацыю «калідораў ганьбы» для дэпутатаў ад кіроўнай партыі «Грузінская мара», пікетаваньне Дзяржаўнай канцылярыі, дзе знаходзіцца працоўны кабінэт прэмʼер-міністра Іраклія Гарыбашвілі, мітынгі каля будынку гарадзкога суду, які пастанавіў арыштаваць Мэлію. Бліжэйшыя акцыі каля парлямэнту і ўраду прызначаныя на 2 і 5 сакавіка.

Ніка Мэлію, кіраўніка заснаванага экс-прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі «Адзінага нацыянальнага руху», арыштавалі пасьля сілавой апэрацыі ў офісе партыі 23 лютага. 17 лютага Тбіліскі гарадзкі суд пастанавіў вярнуць палітыка пад варту за нявыплату павялічанага закладу ў справе аб падбухторваньні да гвалту ў ходзе антыўрадавых пратэстаў у чэрвені 2019 году. Апазыцыя расцаніла арышт Мэліі як палітычны перасьлед і ўсталяваньне дыктатуры.

Арышт Мэліі абвастрыў палітычны крызіс у краіне. 18 лютага праз рознагалосьсі з «Грузінскай марай» сышоў у адстаўку з пасады прэмʼер-міністра Георгі Гахарыя. Новым кіраўніком ураду стаў Іраклі Гарыбашвілі, які назваў Ніка Мэлію «крыміналам». Апазыцыянэр быў арыштаваны празь некалькі гадзін пасьля зацьвярджэньня новага ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: арышт лідэра грузінскай апазыцыі супярэчыць эўраатлянтычным памкненьням Тбілісі