Суд Фрунзэнскага раёну Менску асудзіў 26-гадовага Рыгора Давыдава — былога супрацоўніка МНС — на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі), паведамляе Правабарончы цэнтар «Вясна».
Судзьдзёй у працэсе выступіла Юлія Блізьнюк. Дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымала пракурор Аліна Касьянчык. Згодна з фармулёўкай абвінавачаньня, мужчына нібыта зрабіў ня менш за тры кідкі нявызначанымі прадметамі ў бок праезнай часткі і спэцтранспарту 10 жніўня непадалёк ад гандлёвага цэнтру «Рыга» ў Менску.
На першым паседжаньні праглядалі відэаматэрыялы справы. На іх асоба, якую немагчыма вызначыць, са слоў дзяржабвінаваўцы, «замахваецца нявызначаным прадметам». Кірунак і супрацоўнікі, у бок якіх рабіся замах, таксама ня вызначылі: у справе не было пацярпелых.
На судзе Рыгор віны не прызнаў і адмовіўся ад сьведчаньняў. Падчас апошняга слова ён папрасіў прабачэньня ў бацькоў, што чатыры месяцы ім давялося перажываць за яго, а таксама падзякаваў усім за падтрымку. Ён сказаў, што шмат гадоў аддаў абароне жыцьцяў людзей, нават рызыкуючы сабой. Зазначыў, што даваў прысягу і ведае, што такое выконваць закон, таму яго ён не парушаў і не рабіў таго, у чым яго абвінавацілі.
Судзьдзя Блізьнюк асудзіла яго да 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Спагнаньне пазову «Менсктрансу» ў памеры 21 тысячы 831 рубля 69 капеек і дзяржаўнага мыта ў памеры 1 158 рублёў выдзелілі ў асобную справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску мэдсястру, якая ўдарыла па машыне міліцыі, асудзілі на 1,5 года. Пракурор прасіў 6 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Зяневічу прысудзілі 3 гады «хіміі», хаця на відэа ад абвінавачаньня яго не знайшлі