Блогер-палітвязень MozgON атрымаў новыя абвінавачаньні і застаецца пад арыштам

Уладзімер Цыгановіч, блогер-палітвязень MozgON.

Уладзімеру Цыгановічу прад’явілі абвінавачаньні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, хоць на момант выбараў ён ужо быў пад вартай.

Пра новыя абвінавачаньні зьняволены блогер змог паведаміць з СІЗА-1 у Менску ў цыдулцы, што перадаў на волю, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Уладзімера Цыгановіча цяпер падазраюць у злачынстве паводле арт. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу «Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». Ён адзначае, што допытаў у ягонай справе амаль няма, хоць працуюць каля 50 сьледчых.

Цыгановічу незразумелыя новыя абвінавачаньні, бо ён у СІЗА-1 з 9 чэрвеня. Першапачаткова яго вінавацілі паводле ч 2. арт 342 «Навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак». Цыгановіч адмаўляў віну і па іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ні допытаў, ні вочных ставак». Ігар Лосік без суду за кратамі 244 дні

Цыгановіч перакананы, што ўлады выставілі яму новы артыкул дзеля таго, каб не выпускаць зь СІЗА-1. Крымінальны перасьлед блогер MozgON называе помстай за крытыку дзяржаўных органаў на сваім youtube-канале.

Відэаролікі ўжо праверылі псыхоляга-лінгвістычнай экспэртызай. У адносінах да самога Цыгановіча месяц праводзілі псыхіятрычную экспэртызу ў РНПЦ псыхічнага здароўя.

Цыгановіч — адзін з падазраваных у так званай «справе Ціханоўскага». 29 чэрвеня 2020 году праваабаронцы прызналі яго палітычным вязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АМАПавец заявіў, што баіцца. Як у Магілёве судзяць блогераў Кабанава і Пятрухіна бязь іх прысутнасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогеру Паўлу Сьпірыну прысудзілі 4,5 года калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Рабкову абвінавацілі ў распальваньні варожасьці і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі