Макей у ААН: Захад сее «хаос і анархію» ў Беларусі

Уладзімер Макей

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей выступіў на 46-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека. Ён катэгарычна адрынуў абвінавачваньні ў парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі.

Кіраўнік МЗС чарговы раз падкрэсьліў, што ўлады Беларусі ніколі не сьцьвярджалі, што Беларусь ідэальная краіна. Ён скрытыкаваў заявы шэрагу чальцоў Рады ААН па правах чалавека наконт парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

«Няма прычын для эксклюзіўнай увагі да Беларусі па тэме правоў чалавека, акрамя як выключна з мэтай палітычнага ціску на законны ўрад. Ніводная краіна ў Эўропе не падвяргаецца гэтак моцнаму ціску з боку заходніх краін, як Беларусь. Падобна на тое, што хтосьці ня можа звыкнуцца з думкай, што, нягледзячы на жорсткі эканамічны і палітычны прэсінг, беларуская дзяржава разьвіваецца не па прыдуманых лякалах заходніх краін, а так, як вырашае сам беларускі народ у сваіх уласных інтарэсах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ізноў размаўляў з Пуціным. Гэтым разам па тэлефоне

Макей заявіў, што за незалежную пазыцыю Беларусь зазнала жорсткую атаку звонку, і дадаў, што ў Беларусі спрабуюць навязаць «каляровую рэвалюцыю»:

«Некаторыя нашы заходнія калегі зрабілі заявы, поўныя цынізму, пра іх нібыта заклапочанасьць пытаньнем беларускага сувэрэнітэту і дабрабыту. Насамрэч гэта ня што іншае, як спробы прыўнесьці хаос і анархію ў нашую краіну».

«Будучыня будзе вырашацца не на барыкадах, а праз цывілізаваны дыялёг, у тым ліку праз працэс канстытуцыйнай рэформы, які ўжо пачаўся», — заявіў міністар замежных справаў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч: «Час ідэалізму мінуў, вясна запатрабуе ад нас жорсткага рэалізму»