Загадкавая знаходка ў Чэхіі паставіла пытаньне пра першы альфабэт славянаў

Костка з загадкавымі рунамі, знойдзеная чэскімі археолягамі ў вёсцы Ланы на Маравіі

У раньнеславянскім паселішчы ў Маравіі археолягі знайшлі рабрыну буйной рагатай жывёлы з шасьцю знакамі старажытнагерманскіх рунаў. Надпіс старэйшы за першыя глагалічныя тэксты больш як на 250 гадоў.

Пра гэта ў часопісе Journal of Archaeological Science паведаміла каманда археолягаў і лінгвістаў з Чэхіі, Швайцарыі, Аўстрыі і Аўстраліі.

— Гэта вялікае адкрыцьцё ня толькі нацыянальнага, але і эўрапейскага значэньня. Славянскімі мовамі карыстаюцца больш за 300 мільёнаў чалавек. Важна высьветліць, калі і якое пісьмо нашы продкі выкарысталі ўпершыню ў сваёй гісторыі», — падкрэсьліў у інтэрвію СМІ прафэсар Іржы Махачэк з Інстытуту археалёгіі і музэялёгіі Ўнівэрсытэту імя Масарыка ў Брне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. 7 велічных гарадзішчаў, на якія варта падняцца

Чэскія археолягі знайшлі костку з рунамі ў 2017 годзе ў вёсцы Ланы каля Бржэцлава на поўдні Маравіі, у рэштках раньнеславянскага паселішча з VI стагодзьдзя.

Прафэсар Робэрт Нэдома, экспэрт у германскіх мовах зь Венскага ўнівэрсытэту, ідэнтыфікаваў знакі на костцы як руны, напісаныя на Fugark Elder — найстаражытнейшым рунічным альфабэце, які выкарыстоўваўся з II па VII стагодзьдзе нямецкамоўнымі жыхарамі Цэнтральнай Эўропы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Археоляг пра нетры: калі цяпер ніхто не дасьледуе, гэта ня значыць, што ўсё зьнікне і згніе

Прафэсар Махачэк тлумачыць, што археолягі звычайна знаходзілі косткі ці іншыя прадметы з рунамі на могілках франкаў, алеманаў і вікінгаў.

— Мы выявілі іх у славянскім паселішчы ў Паўднёвай Маравіі. Гэта першая такая знаходка ў ненямецкім кантэксьце, — падкрэсьліў Махачэк, адзначаючы пры гэтым, што знойдзены археолягамі артэфакт асабліва загадкавы, паколькі, паводле папярэдніх гістарычных ведаў, славяне не выкарыстоўвалі ніякага пісьма да IX стагодзьдзя.