Ціханоўская назвала «насьмешкай» санкцыі Эўразьвязу супраць кіраўніцтва Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская назвала недастатковымі тыя санкцыі, якія Эўразьвяз увёў супраць беларускага кіраўніцтва

Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію The Sunday Times, на якое спасылаецца партал TUT.BY.

— Пад санкцыямі знаходзяцца ўсяго 90 чалавек. Гэта насьмешка, і рэжым Лукашэнкі сьмяецца, — сказала Ціханоўская.

Яна дадала, што краіны Захаду павінны «спыніць фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі» і ўводзіць новыя санкцыі супраць прадстаўнікоў улады, абвінавачаных у парушэньні правоў чалавека, а таксама судзьдзяў, якія выносілі прысуды па палітычна матываваных справах.

— Быў вельмі важны той факт, што міжнародная супольнасьць не стала прызнаваць Лукашэнка законным пераможцам на выбарах. Падтрымалі, але вырашаць праблему не захацелі, — сказала Ціханоўская. Яна таксама заклікала Захад аказваць дадатковую падтрымку апазыцыйным СМІ, праваабаронцам і ўдзельнікам страйкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нельга пасадзіць у клетку перамены», — Ціханоўская пра жорсткія прысуды, 23 лютага і беларускае шчасьце

Раней сёньня лідэр Народнага антыкрызіснага кіраваньня Павал Латушка паведаміў, што ў заўтра ў Бруселі на пасяджэньні Рады міністраў замежных справаў дзяржаваў ЭЗ будзе абмяркоўвацца чацьвёрты пакет санкцыяў адносна Беларусі.

— Працэдура падрыхтоўкі санкцыйных пакетаў прадугледжвае канфідэнцыйнасьць, аднак можна зыходзіць з таго, што ЭЗ пашырыць санкцыйныя сьпісы судзьдзяў і чыноўнікаў, а таксама сілавікоў. Больш за тое, Эўразьвяз, дзейнічаючы досыць асьцярожна ў пляне санкцыяў, вельмі сур’ёзна падышоў да прапрацоўкі комплекснага юрыдычнага падыходу, — напісаў у сваім Тэлеграм-канале Латушка.

Ён таксама паведаміў, што шэраг краін ЭЗ не абмяжуецца толькі санкцыямі:

— Ужо ствараецца міжнародны мэханізм па расьсьледаваньні злачынстваў спэцслужбаў і МУС супраць беларускага народу, у прыватнасьці, ужо актыўна фармуецца адпаведная факталягічная доказная база.