«У Беларусі не праходзіць ні дня без рэпрэсій». Дэпутаты Эўрапарлямэнту выступілі з заявай

Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева

Кіраўнік дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю Робэрт Бедрань і сталы дакладчык Эўрапарлямэнту па Беларусі Пэтрас Аўстравічус выступілі з заявай з нагоды прысуду журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовай, перадае БАЖ.

«Гэтыя абуральныя падзеі паказваюць, што сытуацыя з свабодай СМІ ў Беларусі, якая і без таго выклікала непакой, рэзка пагоршылася пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў летась.

Нягледзячы на неаднаразовую крытыку з боку міжнароднай супольнасьці, беларусы па-ранейшаму пазбаўлены самых элемэнтарных правоў, пра што сьведчаць праведзеныя мінулым аўторкам рэйды міліцыі ў офісах праваабарончага цэнтру „Вясна“ і Беларускай асацыяцыі журналістаў, за якім прайшла наступная хваля затрыманьняў.

У Беларусі не праходзіць ні дня без рэпрэсій супраць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці і незалежных прафсаюзных дзеячаў.

Мы яшчэ раз самым рашучым чынам асуджаем гэтыя найноўшыя парушэньні, учыненыя незаконным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Мы падтрымліваем храбры народ Беларусі ў ягоным памкненьні да годнасьці і свабоды», — гаворыцца ў заяве дэпутатаў Эўрапарлямэнту.

Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову 18 лютага пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен». 15 лістапада яны вялі жывую трансьляцыю разгону мітынгу ў памяць аб загінулым Рамане Бандарэнку.

Праваабаронцы прызналі журналістак Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву палітзьняволенымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік дыпляматыі ЭЗ асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нельга пасадзіць у клетку перамены», — Ціханоўская пра жорсткія прысуды, 23 лютага і беларускае шчасьце