Прэм’ер-міністар Грузіі пайшоў у адстаўку. Ён быў супраць арышту лідэра апазыцыі

Георгі Гахарыя

Прэм’ер-міністар Грузіі Георгі Гахарыя заявіў у чацьвер, што падае ў адстаўку, бо ня змог паразумецца са сваёй камандай з прычыны спробы ўладаў затрымаць апазыцыйнага лідэра Ніку Мэлія. Пра гэта інфармуе ТАСС.

«Учора суд вызначыў спадару Мэлія зьняволеньне ў якасьці меры стрыманьня. Гэта чалавек, які ніколі асабліва не шанаваў грузінскае заканадаўства, які 20 чэрвеня 2019 году заклікаў нашых грамадзян да штурму парлямэнту і быў адным з арганізатараў прарыву ў парлямэнт. Але, нягледзячы ні на што, мая цьвёрдая пазыцыя палягае ў тым, што недапушчальна вяршыць правасудзьдзе ў дачыненьні да аднаго чалавека, хай і законна, калі гэта стварае рызыку здароўю і жыцьцю нашых грамадзян або стварае магчымасьць палітычнай эскаляцыі», — заявіў Гахарыя на брыфінгу, які ў жывым эфіры трансьляваў тэлеканал Imedi.

«Зыходзячы з таго, што я, на жаль, ня змог прыйсьці да адзінай думкі са сваёй камандай у гэтым пытаньні, я прыняў рашэньне пакінуць пасаду», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен». ФОТА і ВІДЭА