«У выпадку ўцёкаў будзе ўжыты агонь на паражэньне». Жыхар Маладэчна — пра затрыманьне лыжнікаў

У нядзелю, 14 лютага, міліцыя затрымала ўдзельнікаў сустрэчы лыжнікаў пад Маладэчнам. Падчас затрыманьня міліцыя папярэдзіла, што пры спробе ўцёкаў будзе адкрыты агонь на паражэньне

У нядзелю, 14 лютага, міліцыя затрымала ўдзельнікаў сустрэчы лыжнікаў пад Маладэчнам. Былі затрыманыя 11 жанчын і 8 мужчынаў. Адзін удзельнік сустрэчы зьбег і ўжо пакінуў Беларусь.

Пра абставіны затрыманьня ён распавёў выданьню «Рэгіянальная газэта».

Паводле яго, на сустрэчу сабралася сем аўтамабіляў, прыехалі на месца каля падстанцыі ў вёсцы Ляшно. Хацелі запісаць відэа і добра правесьці час.

Пачалі распраўляць 20-мэтровы сьцяг, у гэты момант на гары паказалася каля 7–10 чалавек у цёмным адзеньні. Стала зразумела, што гэта міліцыянэры.

— Калі яны падыходзілі бліжэй, — расказвае маладэчанец, — казалі не разьбягацца. І што ў выпадку ўцёкаў будзе ўжыты агонь на паражэньне. Я пабег па полю, пакуль хапіла сіл. Проста бег, разумеў, што яны мяне не дагоняць. Я раней быў легкаатлет. Бег і глядзеў, ці пабеглі за мной. Пабачыў, што не, і пабег далей.

— Вы не думалі, што вас дагоняць?

— Сьнег былі ў калена. Зьняў лыжы, і як толькі пачаў бегчы, зразумеў, што ў іх не хопіць сілаў. Уцячы было вельмі складана, бег ледзь не да ванітаў. Чаму пабег? Я не ведаю, гэта проста сэкундны выбар. Страшна стала ўжо пасьля, калі выйшаў на адкрытую дарогу і не ведаў, хто можа ехаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маладэчанскім раёне сілавікі затрымалі 19 лыжнікаў, абвінавацілі ў несанкцыянаваным мітынгу ў лесе

Мужчыну забралі знаёмыя. У вёсцы засталася яго машына. У той жа дзень у доме маладэчанца быў ператрус. Нічога не знайшлі, а пасьля аддалі машыну сваякам. На наступны дзень мужчына выехаў за мяжу. Такое рашэньне ён прыняў таму, што яго ўжо затрымлівалі раней, пасьля чаго ён згубіў працу.